Белорусский портал в Казахстане

Колькасць пацыентаў з пнеўманіямі ў стацыянарах Віцебскай вобласці знізілася з канца красавіка на 20 %



У Віцебскай вобласці захоўваецца станоўчая дынаміка з захваральнасцю на пнеўманіі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі 13 мая на пасяджэнні абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса і абароне насельніцтва.

«На сёння сітуацыя ў Віцебскай вобласці і Віцебску застаецца сур’ёзнай, але яна стабільная і кантралюемая. Колькасць пацыентаў, якія лечацца ад пнеўманіі ў стацыянарах, знізілася з канца красавіка па рэгіёне на 20 %, па абласным цэнтры — на 29 %», — сказаў Вішнявецкі.

Паводле яго слоў, колькасць цяжкіх пнеўманій па вобласці знізілася нязначна і застаецца практычна на тым жа ўзроўні. Стан кожнага пацыента строга кантралюецца, усе лекавыя сродкі прызначаюцца па пратаколе. Пры гэтым установы аховы здароўя ў дастатковай колькасці забяспечаны медыкаментамі і сродкамі індывідуальнай абароны.

З 1 красавіка па 12 мая ў рэгіёне выпісаныя больш за 5,4 тыс. пацыентаў і 308 медработнікаў, якія ўжо прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Стабілізацыя абстаноўкі адкрыла магчымасць прыступіць да пачарговай дэзінфекцыі лячэбных устаноў Віцебска.

«Поўная санапрацоўка праведзена ў абласным клінічным спецыялізаваным цэнтры, завяршаецца дэзінфекцыя ў гарадской клінічнай бальніцы № 1. З сённяшняга дня на канчатковую дэзінфекцыю сыходзіць хірургічны корпус абласнога анкадыспансера, які з 18 мая пачне прымаць сваіх профільных пацыентаў. Спадзяюся, што для шпіталізацыі людзей з пнеўманіямі ён больш прыцягвацца не будзе», — адзначыў Міхаіл Вішнявецкі.

Міхаіл Вішнявецкі звярнуў увагу ўсіх жыхароў рэгіёну на неабходнасць выконваць прафілактычныя меры, у тым ліку сацыяльнае дыстанцыяванне. «Гэта адна з найважнейшых умоў для захавання станоўчай дынамікі», — падкрэсліў ён.

Дакранаючыся выканання ўказа №131, Міхаіл Вішнявецкі распавёў, што лячэбныя ўстановы вобласці з 5 мая пачалі выплаты зарплаты і даплат, прапісаных у дакуменце. Даплаты атрымліваюць і студэнты-добраахвотнікі медуніверсітэта, прынятыя на працу сярэднім медыцынскім персаналам, — як і асноўныя работнікі.

«Да гэтага мы рыхтаваліся загадзя. Быў праведзены семінар-нарада з супрацоўнікамі планава-эканамічных службаў усіх устаноў аховы здароўя. Падрыхтаваны і сабраны адказы па ўсіх актуальных пытаннях, што тычацца выканання ўказа. Яны накіраваныя ў медустановы. Безумоўна, некаторыя званкі, звязаныя з непаразуменнем крытэрыяў налічэння выплат, ёсць. У такіх выпадках працуем з чалавекам індывідуальна, усё тлумачым канкрэтна па яго выпадку», — дадаў Міхаіл Вішнявецкі.

Акрамя таго, усе лячэбныя ўстановы вобласці прапрацоўваюць па прозвічшчах спісы грамадзян, якія перанеслі захворванне і рыхтуюцца да выпіскі. Ім будзе прапаноўвацца санаторна-курортнае аздараўленне ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы.

Звязда, 13 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/121/53455
Текущая дата: 05.11.2024