Аб гэтым паведаміў 5 траўня Прэзідэнт пры азнаямленні з распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў па развіцці электратранспарта.
«У нас 18 350 чалавек, якія хворыя на каранавірус. Гэта ўсяго 8,7 працэнта ад усіх пратэставаных». Па яго словах, за 2,5 месяца было пратэставана 211 369.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што тэсты недастаткова інфарматыўныя. Па-першае, некаторыя тэстуюцца «на ўсялякі выпадак», беспадстаўна, па-другое, не ўсе тэсты — якасныя.
«Гэта добра, што мы выяўляем, знаходзячыся на другім месцы (па колькасці праведзенага тэставання на мільён жыхароў.) у гэтым наваколлі, дастатковую колькасць, так бы мовіць, тых, хто падхапіў гэты вірус, — заўважыў Прэзідэнт. — Але зараз не тэсты галоўнае. Мы да гэтага прыйшлі практычным шляхам. Сёння ва ўсёй гэтай барацьбе, рэальным змаганні за чалавека, за лячэнне людзей, важны пнеўманіі. Бо ўсе гэтыя кавіды і каранавірусы даюць пнеўманіі. Людзі хварэюць на пнеўманіі».
Паводле інфармацыі кіраўніка дзяржавы, Беларусь на дадзены момант на другім месцы ў свеце па колькасці тэстаў — 22,5 тыс. на 1 млн насельніцтва. На першым месцы Расія з 29,5 тыс. тэстаў на 1 млн жыхароў, на трэцім — ЗША з 22 тыс. на 1 млн.
Менш за Беларусь, па словах Прэзідэнта, праводзяць тэставанне ў Казахстане (16 тысяч на мільён), Азербайджане (15,5 тысячы), Польшчы (10 тысяч), Узбекістане (9,7 тысячы), Кіргізіі (8 тысяч), Арменіі (8,5 тысячы), Малдове (5 тысяч), Грузіі (3,9 тысячы), Украіне (3,78 тысячы).
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў Беларусі сёння каля 12,4 тысячы пнеўманій рознай этыялогіі.
«З іх толькі 1008 чалавек класіфікуюцца як цяжкахворыя... Гэта ўсяго восем адсоткаў. Цудоўны вынік. Каля васьмі (працэнтаў) у нас заўсёды круцілася, гэта заўсёды была лічба цяжкахворых на пнеўманію ад агульнай колькасці пнеўманій», — аргументаваў кіраўнік дзяржавы.
Галоўным для ратавання людзей з запаленнем лёгкіх беларускі лідар лічыць наяўнасць дастатковай колькасці апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. На сёння іх у краіне дзве з паловай тысячы, хутка паступяць яшчэ закупленыя. Плюс 500 наркозна-дыхальных апаратаў, якія таксама можна выкарыстоўваць для ШВЛ.
«Сёння на ШВЛ — 240 чалавек. Гэта дзевяць з паловай працэнта ад наяўнасці (апаратаў) ШВЛ! Тое, ад чаго паміралі людзі ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Вялікабрытаніі, — адсутнасць ШВЛ. У нас толькі дзесятая частка на сёння задзейнічана. Дык да чаго ўвесь гэты шум?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
«Вельмі важнае пытанне – гібель людзей, — дадаў Прэзідэнт. — Гэта катастрофа — нават адзін чалавек. У нас на сёння на раніцу было каля сотні тых, хто загінуў».
Лукашэнка патлумачыў, што далёка не па ўсіх памерлых ёсць вынікі паталагаанатамічнай экспертызы, некаторыя людзі, якія загінулі і трапілі ў статыстыку ахвяр кавіду, як потым высветлілася, мелі іншыя прычыны смерці.
Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на сёння выздаравела і выпісана 3771 чалавек. Памерлі 107 чалавек.
Вольга Мядзеведзева
Варвара Марозава
Звязда, 5 траўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/123/53296
Текущая дата: 27.11.2024