Белорусский портал в Казахстане

На Беларускую АЭС дастаўлена ядзернае паліва



На пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі прыбыў састаў з ядзерным палівам для першага энергаблока, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.

"На АЭС забяспечана неабходная тэхнічная гатоўнасць памяшканняў, абсталявання, сістэм і элементаў, а таксама арганізацыйная гатоўнасць персаналу станцыі да бяспечнага абыходжання са свежым ядзерным палівам. Да завозу паліва ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі аб`екты першага энергаблока перададзены пад ахову ўнутраных войскаў у штатным рэжыме", - паведамілі ў прэс-службе.

У адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам спецыялісты Беларускай АЭС разам з генеральным падрадчыкам - АБЭ - забяспечаць прыёмку паліва і правядзенне яго ўваходнага кантролю.

Як паведамлялася, партыя ядзернага паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар для першага энергаблока БелАЭС выраблена на Новасібірскам заводзе хімканцэнтратаў (уваходзіць у паліўную кампанію Расатама "ТВЭЛ").

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам" (АБЭ). Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.

6 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/123/53330
Текущая дата: 27.11.2024