Белорусский портал в Казахстане

Падстаў для панікі ў сувязі з COVID-19 у Беларусі няма, сітуацыя цалкам кантралюемая



Аб гэтым заявіла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

"Сітуацыя ў нас цалкам кантралюемая, падстаў для панікі няма. Па-ранейшаму працуем па ізаляцыі ў нашы ўстановы кантактаў першага ўзроўню на 14 дзён і кантактаў другога ўзроўню - пры наяўнасці ў іх прыкмет віруснай інфекцыі", - сказала Алена Богдан.

Паводле яе слоў, на сённяшні дзень 22 чалавекі маюць адмоўныя тэсты і завяршылі або завяршаюць у бліжэйшы час лячэнне ў медустановах. 59 чалавек знаходзяцца пад медыцынскім наглядам. У стане пацыента, у якога захворванне праходзіла ў сярэднецяжкай форме, назіраецца станоўчая дынаміка.

Учора ў Гомельскай вобласці быў выяўлены яшчэ адзін выпадак каранавіруснай інфекцыі ў сувязі з тым, што ўсе цяжкія пнеўманіі тэстуюцца на наяўнасць COVID-19. Пацыентка з Жыткавіч не мае патрэбы ў аказанні інтэнсіўнай медыцынскай дапамогі або дапаможнай вентыляцыі лёгкіх. У раёне праводзяцца проціэпідэмічныя мерапрыемствы, як і ва ўсіх іншых выпадках. На сённяшні дзень выпадкі COVID-19 таксама выяўлены ў Гродзенскай вобласці, Віцебску і Мінску.

Паводле слоў намесніцы начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, сярэдні ўзрост пацыентаў з COVID-19 у Беларусі - ад 15 да 49 гадоў, у гэтай узроставай групе зарэгістравана максімальная колькасць выпадкаў. Найстарэйшаму пацыенту 78 гадоў.

На ізаляцыі знаходзяцца каля 1,1 тыс. людзей, якія былі кантактамі першага ўзроўню, пад медыцынскім наглядам - каля 8,8 тыс. кантактаў другога ўзроўню. Усе яны выяўлены ў ходзе інтэнсіўнай работы па апытанні пацыентаў з пацверджаным дыягназам каранавіруснай інфекцыі, удакладніла Іна Карабан. У некаторых выпадках прыцягваюцца і органы ўнутраных спраў. Дзякуючы прагляду відэазапісаў, напрыклад, з устаноў, якія наведваў пацыент з COVID-19, удаецца максімальна выявіць кола яго кантактаў, каб своечасова ізаляваць і не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі.

23 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/128/52185
Текущая дата: 06.11.2024