Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусi пастаянна трымае ў полi зроку вяртанне дамоў суайчыннiкаў



Мiнiстэрства замежных спраў на афiцыйнай старонцы ў «Фэйсбуку» настойлiва рэкамендуе ўсiм грамадзянам Беларусi, якiя жадаюць вярнуцца ў Беларусь, зрабiць гэта ў тэрмiн да 0.00 гадзiн 19 сакавiка.

У шэрагу сумежных з Рэспублiкай Беларусь краiн уведзены дадатковыя абмежаваннi, накiраваныя на прадухiленне распаўсюджвання вiруснай iнфекцыi COVID-19, у тым лiку забарона на ўезд замежных грамадзян. Учора аб закрыццi гранiц аб`явiла Расiя. Пазначаныя меры ў сумежных краiнах не абмяжоўваюць выезд з iх грамадзян Беларусi.

З 00 гадзiн 01 хвiлiны па кiеўскiм часе 16 сакавiка 2020 года тэрмiнам на два тыднi не ажыццяўляецца пропуск на ўезд праз дзяржаўную гранiцу Украiны замежнiкаў i асоб без грамадзянства, у тым лiку ў рамках транзiтнага праезду.

Лiтва ўвяла каранцiн з поўначы 16 сакавiка: забаронены ўезд на тэрыторыю краiны большасцi замежнiкаў (за выключэннем грузаперавозчыкаў, членаў сем`яў грамадзян Лiтвы, асоб, якiя маюць дазвол на пражыванне i работу ў Лiтве, дыпламатаў).

Жыхарам замежных краiн, у тым лiку грамадзянам Беларусi, выдзелены «гуманiтарны калiдор» на працягу трох сутак (з 16 да 18 сакавiка 2020 года ўключна) з магчымасцю перасекчы тэрыторыю Лiтвы транзiтам, каб вярнуцца ў свае дзяржавы. З поўначы 19 сакавiка ўезд на тэрыторыю Лiтвы будзе забаронены. 

Пасольства звяртаецца з просьбай да грамадзян Беларусi, якiя знаходзяцца ў дадзены момант у Лiтоўскай Рэспублiцы альбо плануюць перасекчы Лiтву транзiтам, загадзя разлiчыць маршруты руху i паклапацiцца аб своечасовым набыццi бiлетаў.

МЗС звяртае ўвагу, што авiякампанiя «Белавiя» пацвердзiла магчымасць бранiравання месцаў на рэйсы па маршруце Вiльнюс — Мiнск 16, 17, 19 i 20 сакавiка.

Учора пасольства Беларусi ў Лiтве арганiзавала дастаўку грамадзян Беларусi, якiя знаходзiлiся ў Лiтве, па маршруце Вiльнюс — пункт пропуску «Мядзiнiнкай». Акрамя таго, выезд з Лiтвы праз пункт пропуску «Райгардас-Прывалка» магчымы да Гродна сёння а 13-й i 17-й гадзiнах на арганізаваным аўтобусе.

Таксама з 17 па 22 сакавiка будуць арганiзаваны штодзённыя аўтобусы Бяла-Падляска — Цярэспаль — Брэст. (Адпраўленне з Бяла-Падляскi ў 12.00, з Цярэспаля — у 12.40). Для таго, каб трапiць у спiс пасажыраў, неабходна звязацца з консульствам Беларусi ў Бяла-Падлясцы.

Грамадзяне Беларусi, якiя маюць права на пастаяннае жыхарства ў Польшчы, могуць уехаць у Польшчу праз адкрытыя для асаблiвага руху пагранiчныя пераходы, але пры гэтым падлягаюць накiраванню на 14-дзённы каранцiн. Унутраны аўтамабiльны, чыгуначны i авiяцыйны транспарт у Польшчы будзе функцыянаваць.

Мiнiстэрства замежных спраў Беларусi просiць грамадзян, якiя апынулiся ў сiтуацыi немагчымасцi для вяртання на радзiму, паведамляць пра сябе ў адпаведныя замежныя ўстановы Беларусi або ў Мiнiстэрства замежных спраў для аказання магчымага садзейнiчання.

Карысныя парады

Калi беларус знаходзiцца за мяжой у краiне, дзе выяўлены выпадкi вiруснай iнфекцыi COVID-19, калi дзяржава ўжо закрыла гранiцы, распачала iншыя меры для абмежавання перамяшчэння людзей альбо ёсць падставы меркаваць, што такiя меры будуць прыняты ў найблiжэйшы час, звяжыцеся з беларускiм пасольствам або консульствам у краiне знаходжання, а пры iх адсутнасцi там — у найблiжэйшай краiне, дзе яны ёсць.

Праверце тэрмiн дзеяння вiзы, на падставе якой вы заехалi ў замежную дзяржаву. У выпадку, калi тэрмiн дзеяння вiзы заканчваецца, абавязкова звярнiцеся ў беларускае пасольства цi консульства для вырашэння пытанняў аб немагчымасцi вашага выезду i даваннi вам дадатковага часу без парушэння ўмоў вiзы па форс-мажорных абставiнах.

Праверце тэрмiн дзеяння наяўнай у вас медыцынскай страхоўкi. Калi страхоўка кароткатэрмiновая цi вы бачыце, што яе тэрмiну дзеяння вiдавочна не хопiць, аформiце мясцовую страхоўку адпаведнага тыпу або папрасiце вашых родных звязацца са страхавой кампанiяй у Беларусi, каб пашукаць механiзм падаўжэння тэрмiну дзеяння вашай страхоўкi або афармлення новай на ваша iмя.

Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 17 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/129/52061
Текущая дата: 27.11.2024