Белорусский портал в Казахстане

Лясгасы пачалі пасадку лесу: створаны ўжо 5 000 гектараў лясных культур



Лясгасы краіны прыступілі да стварэння новых лясоў. Сёлета лесакультурны сезон пачаўся незвычайна рана, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. Прычына — змена тэмпературных рэжымаў і адсутнасць марознай зімы.

Усяго ў 2020 годзе лесагаспадарчыя ўстановы плануюць стварыць не менш за 32 335 гектараў лясных культур. Плануецца, што асноўная частка работ будзе выканана ў веснавы перыяд.

Паводле аператыўных даных, лясгасамі ўжо створана больш за 15 працэнтаў лясных культур ад запланаванага аб`ёму. Найбольшая колькасць лесу - 3506 гектараў - закладзена гомельскімі лесаводамі.

У міністэрстве адзначылі, што асаблівы акцэнт пры пасадцы культур робіцца на аднаўленні ўчасткаў ўсохлых насаджэнняў, а таксама гарэльнікаў.

Нагадаем, што сёння Беларусь уваходзіць у дзесятку самых лясных краін Еўропы. Узровень лясістасці краіны з 1945 года дасягнуў максімальнага значэння і складае 39,9 працэнта. Штогод лесаводы высаджваюць не менш за 30 тысяч гектараў лесу. Пры гэтым акцэнт робіцца на стварэнні змешаных лясных культур (дзве і больш драўняныя пароды). Гэта дазваляе павышаць устойлівасць будучых лясоў да розных біялагічных і кліматычных фактараў. У 2019 годзе рукамі лесаводаў было праведзена лесааднаўленне і лесаразвядзенне на агульнай плошчы 51,8 тысячы гектараў, у тым ліку за кошт пасеву і пасадкі лесу было закладзена 43,8 тысячы гектараў новых лясоў.

Сяргей Расолька
Звязда, 11 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/130/51995
Текущая дата: 27.11.2024