Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў з кіраўніцтвам Савета Міністраў нараду, на якой абмяркоўваліся пытанні па далейшым эканамічным развіцці краіны



Нарада з эканамічным блокам краіны - адзін з традыцыйных фарматаў, які выкарыстоўваецца кіраўніком дзяржавы для абмеркавання бягучай сітуацыі ў Беларусі і выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў.



"У нас чарговая нарада па актуальных бягучых пытаннях, хоць ёсць і пытанні стратэгічнага характару, як, дапусцім, адносіны з Расіяй у Саюзнай дзяржаве. Нам сёння трэба абмеркаваць гэтыя пытанні і прыняць рашэнні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не пытанні, дзе трэба з нуля нешта пачынаць і глыбока ўнікаць у сутнасць. Гэтыя пытанні даўно вядомы, яны так ці інакш абмяркоўваюцца ў грамадстве і намі. Не трэба самасправаздач. Патрэбны канкрэтныя прапановы і абгрунтаванне тых ці іншых палажэнняў".

Тэмы, якія абмяркоўваліся, датычыліся фінансаў, інвестыцый, знешнеэканамічнай дзейнасці.

"Па некаторых раней прапанаваных праектах, указах, распараджэннях Прэзідэнта, праектах законаў я хацеў бы атрымаць дадатковыя тлумачэнні ад тых, хто ініцыіраваў гэтыя дакументы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі важна пачуць і альтэрнатыўныя пазіцыі для прыняцця ўзважаных рашэнняў. Таму я запрасіў на гэту традыцыйную нараду па эканамічных пытаннях з урадам і вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў сілавых структур, тых ведамстваў, чые інтарэсы закранаюць разглядаемыя пытанні".

З асноўным дакладам на нарадзе выступіў прэм`ер-міністр Сяргей Румас. Пасля завяршэння мерапрыемства ён расказаў журналістам аб галоўных тэмах і ключавых рашэннях, прынятых Прэзідэнтам па выніках праведзенай дыскусіі. Размова ў тым ліку ішла аб рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў. Адзін з іх - запуск новай вытворчасці на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце.

"Урад пацвердзіў свае абавязацельствы, што гэты буйны інвестпраект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў другім паўгоддзі бягучага года", - сказаў прэм`ер-міністр. Паводле яго слоў, цяпер прадпрыемства працуе ў рэжыме доследнай эксплуатацыі, яго загрузка складае каля 70 працэнтаў.

"Нядрэнная цэнавая кан`юнктура. Большасць прадукцыі адпраўляецца на экспарт, але разам з тым прадпрыемства павінна быць уведзена ў эксплуатацыю і да канца года выйсці на праектную магутнасць", - адзначыў Сяргей Румас.

Разглядалася таксама рэалізацыя інвестыцыйных праектаў у сферы дрэваапрацоўкі ў Добрушы і Шклове.

"Гэтыя праекты кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць. Адпаведныя праекты ўказаў павінны быць унесены ў Адміністрацыю Прэзідэнта на працягу жніўня", - праінфармаваў кіраўнік урада.

Важнай тэмай нарады стаў ход уборачнай кампаніі, аб чым кіраўніку дзяржавы далажыў віцэ-прэм`ер Уладзімір Дворнік. У гаспадарках краіны ўжо ўбрана 55 працэнтаў плошчаў.

"У цэлым вынікі значна лепшыя за мінулы год. Але кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не ва ўсіх раёнах аднолькава паспяховая сітуацыя. На жаль, надвор`е ўносіць карэктывы. Але і акрамя надвор`я ёсць чалавечы фактар, не заўсёды арганізаваная работа нашых гаспадарак", - заўважыў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, Прэзідэнт даў адпаведныя даручэнні, каб скарэкціраваць сітуацыю і забяспечыць сельгасарганізацыі неабходным запасам паліва. Адказваючы на пытанні журналістаў, прэм`ер-міністр удакладніў, што на нарадзе не абмяркоўваліся макраэканамічныя паказчыкі развіцця краіны і грашова-крэдытная палітыка. Гэтай тэме будзе прысвечана асобнае мерапрыемства ў кіраўніка дзяржавы, і адбыцца яно можа ў сярэдзіне жніўня.

2 жніўня 2019, Мінск
Кацярына Крышэнік - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/135/49103
Текущая дата: 06.11.2024