У Брэсцкай абласной бальніцы стварылі цэнтр лячэння болю.
У цэнтры могуць атрымаць медыцынскую дапамогу людзі з хранічнымі болямі суставаў і хрыбетніка. Лячэннем пацыентаў сумесна займаюцца артапеды і неўролагі, выкарыстоўваючы перадавы вопыт ізраільскіх калегаў.
"Мы былі на двухтыднёвай стажыроўцы ў адной з клінік Ерусаліма. Паглядзелі, на што робяць упор ізраільцяне, якімі спосабамі лечаць людзей з болямі ў пазваночніку і суставах, - сказаў загадчык аддзялення артапедыі і траўматалогіі ўстановы аховы здароўя Сяргей Кісель. - Такія цэнтры ёсць у многіх краінах. Для вывучэння вопыту выбралі, на наш погляд, найбольш прагрэсіўны".
Адбор хворых вядзецца ў Брэсцкай кансультатыўнай паліклініцы пры абласной бальніцы. Штодня па такую дапамогу звяртаюцца да пяці чалавек. Гэта людзі рознага ўзросту, але большасць з іх пажылыя. Ім даецца амбулаторнае лячэнне, якое ўключае ін`екцыі пад кантролем рэнтгена, УГД. Працэдура не займае шмат часу: у той жа дзень пацыента адпускаюць дадому.
"Справа ў тым, што не ўсіх пацыентаў можна вылечыць аператыўнымі, кансерватыўнымі метадамі. Пры гэтым чалавек працяглы час адчувае боль. Блакада спіннамазгавых карэньчыкаў, фасеткавых суставаў пазваночніка, унутрысустаўныя, калясустаўныя блакады дапамагаюць купіраваць болевы сіндром", - растлумачыў Сяргей Кісель.
Чакаецца, што ізраільскія спецыялісты ў бліжэйшы час прыедуць у Брэст, каб паглядзець, як наладзілі работу цэнтра іх беларускія калегі. Увосень брэстаўчане маюць намер зноў паехаць у Ізраіль, каб працягнуць навучанне.
Звязда, 16 чэрвеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/137/48456
Текущая дата: 28.11.2024