Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі паспяхова правялі перасадку сэрца 10-гадовай дзяўчынцы



У Беларусі паспяхова правялі перасадку сэрца 10-гадовай дзяўчынцы, паведаміў намеснік дырэктара па хірургічнай дапамозе РНПЦ "Кардыялогія" доктар медыцынскіх навук Сяргей Спірыдонаў.

У пацыенткі Дар`і развівалася сардэчная недастатковасць. Некалькі месяцаў яна знаходзілася ў лісце чакання на трансплантацыю, увесь гэты час падбіралі донарскі орган. Самаадчуванне дзяўчынкі пагаршалася. Паўтара месяца яна знаходзілася ў другой бальніцы, не выходзячы з рэанімацыі, таму пытанне з лячэннем трэба было вырашаць кардынальна.

У РНПЦ яе даставілі за 4 гадзіны да аперацыі, якая прайшла 7 чэрвеня. На чацвёртыя суткі дзяўчынку перавялі ў аддзяленне. Умяшанне прайшло стандартна - клініка была да гэтага гатова.

Донарскае сэрца даставілі ў цэнтр верталётам МНС. "Ёсць часавы прамежак: за 4 гадзіны павінны ўзяць сэрца, прывезці і трансплантаваць", - адзначыў Сяргей Спірыдонаў.

У практыцы медыкаў РНПЦ гэта трэці выпадак, калі сэрца перасаджваецца дзіцяці. Але аперацыя ў такога маленькага пацыента прайшла ўпершыню. У беларускіх кардыяхірургаў вялікі вопыт.

Усяго з пачатку года ў цэнтры праведзена ўжо 28 аперацый па трансплантацыі сэрца. Паводле слоў загадчыка кардыялагічнага аддзялення нумар 3 РНПЦ Ларысы Рачок, пасляаперацыйны перыяд праходзіць стандартна.

Стан дзяўчынкі добры: донарскі орган прыжываецца нармальна. Дар`я рыхтуецца да выпіскі. Сёння дзяўчынка адзначае сваё 11-годдзе. У сувязі з гэтым калектыў РНПЦ зрабіў ёй падарунак. Дар`я ўжо загадвае жаданні і думае пра планы на будучыню: на сваё 12-годдзе яна марыць пра новы веласіпед, у перспектыве хоча стаць ветэрынарам.

"Мы спадзяёмся, што яна вернецца да нармальнага жыцця і будзе жыць як нармальнае дзіця", - сказаў на заканчэнне Сяргей Спірыдонаў.

18 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/137/48479
Текущая дата: 27.11.2024