Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачало крымінальную справу ў дачыненні да 19-гадовага вайскоўца, чые дзеянні прывялі да гібелі радавога Віктара Калачынскага са 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады.
У афіцыйным тэлеграм-канале Следчага камітэта паведамляецца, што 22 красавіка з вайсковай часткі паступіла паведамленне аб траўміраванні салдата транспартным сродкам.
"Устаноўлена, што 19-гадовы кіроўца, знаходзячыся ў кабіне аўтамабіля "МАЗ", не ўпэўніўся, што рычаг каробкі перадач знаходзіцца ў нейтральным становішчы, і запусціў рухавік, — гаворыцца ў паведамленні СК. — Гэта прывяло да руху машыны наперад і сутыкнення з іншым аўтамабілем, які здзейсніў наезд на салдата. Вайскоўца прыціснула да прычэпа, ён атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя, дзе 23 красавіка памёр".
Следча-аператыўная група агледзела месца здарэння. Дзяржкамітэту судовых экспертыз даручана правесці аўтатэхнічную і судова-медыцынскую экспертызы.
Дзеянні кіроўцы кваліфікаваныя як "парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі баявой, спецыяльнай або транспартнай машыны, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". У адпаведнасці з ч. 2 арт. 464 Крымінальнага кодэкса пакараннем за гэтыя дзеі можа быць "абмежаванне па ваеннай службе на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення".
Радавы Віктар Калачынскі памёр 23 красавіка ў Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі. На сайце Міністэрства абароны было апублікаванае паведамленне, у якім гаворыцца, што міністэрская камісія "працягвае праверку па факце грубага парушэння правілаў эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе, у выніку якога адбыўся наезд аўтамабіля на вайскоўца".
У абаронным ведамстве выказалі спачуванне родным і блізкім загінулага і запэўнілі, што ім будзе аказаная ўся неабходная дапамога.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 23 красавіка 2019
Мінск, 23 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/138/47746
Текущая дата: 28.11.2024