Белорусский портал в Казахстане

Памёр экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сямён Домаш



9 лютага памёр экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сямён Домаш. Пра гэта паведаміў палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Сямён Домаш памёр раніцай у Гродне за рулём свайго аўтамабіля з-за спынення сэрца. Яму было 69 гадоў.

Паводле звестак Мілінкевіча, развітанне з Домашам пройдзе ў панядзелак, 11 лютага, у Гродне.

Сямён Домаш нарадзіўся 2 студзеня 1950 года ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Бабруйскі аўтатрактарны тэхнікум (1969), Вышэйшую партыйную школу (1981), Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1989), эканаміст.

Прайшоў працоўны шлях ад механіка па рамонце аўтамабіляў да дырэктара аўтакамбіната № 1 Гродна. З 1982 года перайшоў на партыйную працу, займаў шэраг кіруючых пасад (курыраваў прамысловасць, транспарт, будаўніцтва і іншыя галіны народнай гаспадаркі). З 1987 года займаў кіраўнічыя пасады ў структурах улады ў Гродне і вобласці.

У 1993 годзе быў абраны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

У 1990—1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага савета, курыраваў працу пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні, ажыццяўляў сувязь з мясцовымі органамі самакіравання і беларускай дыяспарай.

Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года адкрыта выступіў супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, а ў лістападзе 1996 года разам з 70 дэпутатамі Вярхоўнага савета падпісаў заяву аб імпічменце прэзідэнту. Адзіны рэгіянальны лідар, які адкрыта перайшоў у апазіцыю. Пасля паразы апазіцыі ў лістападзе 1996 года вярнуўся ў Гродна.

Сямён Домаш быў адным з кандыдатаў ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2001 годзе. За некалькі дзён да галасавання зняў сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка.

Пасля ў палітычнай дзейнасці не ўдзельнічаў, некаторы час быў кіраўніком РУП "Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб`яднанне".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 9 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/140/46813
Текущая дата: 28.11.2024