Белорусский портал в Казахстане

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд беларускім аўтарам расійскіх інфармрэсурсаў



Вызначэнне Вярхоўнага суда па гэтай справе абвешчанае 14 чэрвеня.

Вярхоўны суд Беларусі, які разглядаў 12—14 чэрвеня апеляцыйныя скаргі абвінавачаных у распальванні нацыянальнай варожасці беларускіх аўтараў расійскіх інфармацыйных рэсурсаў і іх абароны на прысуд Мінскага гарадскога суда, пакінуў прыгавор суда першай інстанцыі ў сіле, скаргі — без задавальнення. 

На пакіданні прысуду Мінгарсуда ў сіле на слуханнях у ВС настойвала дзяржабвінавачанне.

2 лютага Мінскі гарадскі суд прыгаварыў беларускіх аўтараў Regnum, "Ленты.ру" і "Евразии Дэйли" Сяргея Шыпценку, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады.

Выкладчык БДУІР кандыдат гістарычных навук Паўлавец, галоўны рэдактар часопіса "Новая экономика" Шыпценка і вартаўнік з Брэста Алімкін былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб). Пры гэтым суд спыніў вытворчасць у дачыненні да Шыпценкі і Паўлаўца паводле ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) у сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства.

Падставай для крымінальнага пераследу публіцыстаў паслужылі высновы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці прыкмет экстрэмізму пры Міністэрстве інфармацыі. РЭК пагадзілася з праектамі заключэнняў эксперта Алены Івановай, бібліятэкара па адукацыі, аб наяўнасці экстрэмізму ў публікацыях беларускіх аўтараў расійскіх інфармрэсурсаў.

Высновы РЭК у ліпені 2017 года пацвердзіла комплексная псіхолага-лінгвістычная экспертыза, якую правялі два філолагі і псіхолаг Навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі. Ужо падчас судовых слуханняў з-за невядомых прычын яны былі звольненыя з НПЦ.

Фігуранты справы і іх адвакаты на працягу ўсяго працэсу ў судзе першай інстанцыі заяўлялі пра некампетэнтнасць дзяржаўных экспертаў, якія ацэньвалі іх матэрыялы на прадмет наяўнасці прыкмет распальвання нацыянальнай варожасці і экстрэмізму. Звярталі ўвагу, напрыклад, што тыя скарысталіся расійскай методыкай правядзення даследавання, што недапушчальна ў сувязі з адрозненнямі ў заканадаўстве, але і гэтую методыку прымянілі няправільна.

На слуханнях у Вярхоўным судзе 12 чэрвеня ў прыватнасці Юрый Паўлавец заяўляў, што супрацоўнікі НПЦ Дзяржкамітэта судовых экспертыз не толькі сфальсіфікавалі заключэнне, але і лжэсведчылі. Ён нагадаў, што эксперты казалі на працэсе ў судзе першай інстанцыі аб выкананні комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы ў экспертнай установе. А кіраўнік ДКСЭ Андрэй Швед 13 красавіка заявіў, што ні ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз, ні ў НПЦ такія экспертызы не праводзіліся. Пры гэтым пададзенае следству заключэнне было выкананае на фірмовых бланках ДКСЭ. У НПЦ заяўляюць, што такія бланкі для канкрэтнай справы не выдавалiся.

Пра тое, што такія экспертызы не праводзіліся і не праводзяцца, Паўлаўцу і яго адвакату афіцыйна заявілі ў НПЦ і ДКСЭ.

Паўлавец упэўнены, што правядзенне экспертызы было незаконным, выкананая яна некампетэнтнымі спецыялістамі, а падчас яе правядзення было "парушанае ўсё, што магчымае".

Прысуд у дачыненні да публіцыстаў увайшоў у сілу.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/147/43835
Текущая дата: 28.11.2024