Белорусский портал в Казахстане

Масавая сяўба яравых збожжавых культур пачалася ў Беларусі



Аб гэтым паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.


"У чатырох абласцях краіны пачалася масавая сяўба яравых збожжавых, а ў Брэсцкай вобласці яна ідзе ўжо тыдзень. У Віцебскай і частцы Магілёўскай абласцей па прыродных умовах сяўба, у адрозненне ад паўднёвых раёнаў, заўсёды пачынаецца з некаторай затрымкай. Але ў цэлым па рэспубліцы можна гаварыць аб пачатку масавай сяўбы яравых збожжавых", - адзначыў міністр.

Плошча яравой сяўбы ў бягучым годзе складзе 1,7 млн га, з іх ранніх яравых збожжавых, зернебабовых - 1,019 млн га. Цяпер склаліся ўмовы надвор`я, якія даюць магчымасць актыўна весці работы ў адпаведнасці з агратэхнічнымі тэрмінамі. Пасеяна ўжо каля 15,2 працэнта яравых збожжавых на плошчы 155 тыс. га.

Найбольш актыўна гэтыя работы вядуцца ў Брэсцкай вобласці: пасеяна 47,3 працэнта. У Гродзенскай вобласці гэты паказчык складае 22,5 працэнта, Гомельскай - 17,2 працэнта, Мінскай - 11,5 працэнта, Магілёўскай - 1,5 працэнта і Віцебскай - 1 працэнт.

Леанід Заяц дадаў, што тэхнічная гатоўнасць сельскагаспадарчых машын дае магчымасць выканаць гэту работу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Брэсцкая вобласць плануе завяршыць сяўбу ранніх яравых збожжавых культур да 20 красавіка, Гомельская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская вобласці - да 25 красавіка. Віцебская вобласць будзе сеяць да канца бягучага месяца.

"Гэта нармальныя агратэхнічныя тэрміны. Павінен сказаць, што, акрамя сяўбы яравых збожжавых культур, ідзе актыўная работа па доглядзе азімых збожжавых культур і азімага рапсу на плошчы 1,6 млн га. Выйшлі пасля зімы яны добра, ёсць страты ў дапушчальных значэннях - не больш за 5-7 працэнтаў. Спецыялісты прымаюць рашэнне падкормліваць іх або перасяваць", - заўважыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

Што датычыцца падкормкі азімых збожжавых культур, то яна праведзена на плошчы 755 тыс. га, або 58 працэнтаў. Практычна завяршылі гэту работу гаспадаркі Брэсцкай вобласці. Гродзенская вобласць падышла да выканання задання на 81 працэнт.

"Думаю, на гэтым тыдні вобласці завершаць падкормку азімых збожжавых культур і азімага рапсу. Ён падкормлены на плошчы 64 працэнты. Яшчэ 2-3 дні - і догляд азімых збожжавых па падкормцы па першым разе будзе завершаны", - канстатаваў міністр.

Па ўнясенні мінеральных угнаенняў ідзе апярэджанне адносна ўзроўню мінулага года: выканана на 118 працэнтаў. Такім чынам, амаль 50 працэнтаў патрэбнасці ва ўгнаеннях ужо забяспечана. З айчынных прадпрыемстваў яны паступаюць штодзень.

"У гэтым годзе мы плануем унесці намнога больш, чым у мінулыя гады. На 1,1 млн т вывезена больш арганічных угнаенняў. Прыкладна 50 млн т мы ўнясём пад яравую сяўбу ў бягучым годзе. Адначасова рыхтуем глебы пад кукурузу і, думаю, у паўднёвых раёнах праз дзень-два пачнём сеяць. Рыхтуем глебу пад лён - работы выкананы ўжо на 10 працэнтаў - таксама трэба пачынаць сеяць, - сказаў Леанід Заяц. - Стаіць задача захаваць у полі вільгаць і забяспечыць сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны".

14 красавіка 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/149/43135
Текущая дата: 28.11.2024