Белорусский портал в Казахстане

Каля 2,5 тысяч навабранцаў беларускай арміі пачалі навучанне ў Печах



Да навучання ў 72-м Аб`яднаным навучальным цэнтры Узброеных сіл Беларусі ў Печах пад Барысавам прыступілі каля 2,5 тыс. ваеннаслужачых восеньскага прызыву, паведаміў тэлеканал СТВ 25 лістапада ў праграме "Навіны 24 гадзіны".

Асаблівая ўвага да гэтага злучэння прыкаваная з-за гібелі тут у пачатку кастрычніка радавога Аляксандра Коржыча. У сувязі з гэтым, паводле апошняй афіцыйнай інфармацыі Генпракуратуры, расследуецца 15 крымінальных спраў па розных складах злачынстваў.

Паводле звестак следства на 1 лістапада, фігурантамі з`яўляюцца 15 ваеннаслужачых. Абвінавачанне прад`яўлена 10 з іх — васьмі сяржантам, прапаршчыку і афіцэру. Яшчэ пяцёра вайскоўцаў, у тым ліку адзін афіцэр, які знаходзіцца пад абавязацельствам аб яўцы, — у статусе падазраваных.

Прэзідэнт Лукашэнка 20 кастрычніка адхіліў ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага Аб`яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл палкоўніка Канстанціна Чарнецкага.

У рэпартажы СТВ адзначалася, што ў цэнтры плануюць правесці пераатэстацыю афіцэрскага складу, а таксама ўстанавіць відэаназіранне ва ўсіх вайсковых часцях.

Як заявіў тэлеканалу новы начальнік 72-га АНЦ палкоўнік Уладзіслаў Будзік, "з першых дзён знаходжання ваеннаслужачаму новага папаўнення дазволена мець зносіны з бацькамі, бацькі маюць магчымасць пабываць у казарме, азнаёміцца з умовай размяшчэння побыту сваіх сыноў, сустрэцца з камандаваннем".

Да прызначэння на гэтую пасаду Уладзіслаў Будзік займаў пасаду начальніка ўпраўлення службы войскаў Узброеных сіл.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/150/41327
Текущая дата: 15.11.2024