Белорусский портал в Казахстане

Тэст-сістэму для ацэнкі стану імунітэту распрацавалі ў Беларусі



Пра гэта паведаміла навуковы супрацоўнік лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Марыя Сцёганцава.

"Наша тэст-сістэма дае магчымасць вызначыць колькасць лімфацытаў у перыферычнай крыві, дзякуючы чаму можна ацаніць стан імунітэту, інакш кажучы наколькі добра праходзіць прадукцыя новых клетак. Калі колькасць лімфацытаў зніжана, значыць, у чалавека ёсць нейкія праблемы з імуннай сістэмай і неабходна больш разгорнутая дыягностыка поўнага саставу клетачных субпапуляцый, напрыклад, імунаграма. Калі ўсё добра, неабходнасці ў далейшай дыягностыцы няма", - сказала Марыя Сцёганцава.

У прыватнасці, прымяненне новага метаду мэтазгодна для скрынінгу першасных імунадэфіцытаў у нованароджаных.

Прыроджаныя парушэнні імуннай сістэмы з кожным годам сустракаюцца ўсё часцей. Калі ставіцца адпаведны дыягназ на аснове іншых метадаў, як правіла, дзеці ўжо маюць цяжкія інфекцыйныя ўскладненні: пастаянныя прастуды, атыты, бранхіты і г.д.

Устанавіўшы захворванне на ранніх этапах, яшчэ да развіцця такіх ускладненняў, можна не толькі палепшыць стан здароўя дзіцяці, але і знізіць расходы на лячэнне.

Тэст-сістэма прымяняецца і для рэтраспектыўнай дыягностыкі, калі няма магчымасці адразу узяць кроў у пацыента. Чалавек мог здаць біялагічны матэрыял раней, калі яшчэ не стаяла пытанне аб наяўнасці ў яго нейкага расстройства імуннай сістэмы. Замарожаны матэрыял для імунаграммы або іншага дэтальнага метаду непрыдатны.

"Наш метад працуе на ўзроўні ДНК, таму мы можам правесці ацэнку і атрымаць рэзультат, выкарыстоўваючы захаваны раней узор крыві", - адзначыла навуковы супрацоўнік.

Акрамя таго, метад прымяняецца і ў якасці дыферэнцыяльнай дыягностыкі, калі няма неабходнасці або паказанняў для правядзення разгорнутага аналізу. У цэлым тэст-сістэма даволі шматфункцыянальная.

У параўнанні з імунаграмай яе прымяненне абыходзіцца ў шмат разоў танней. У ЗША такі метад зацверджаны на заканадаўчым узроўні, у Еўропе прымяняецца пакуль толькі ў навуковых мэтах. У Беларусі ён выкарыстоўваецца толькі ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Спецыялісты цэнтра пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя цяпер прапрацоўваюць магчымасць пашырыць спектр прымянення гэтага метаду.

Перспектыўным можа стаць, напрыклад, маніторынг аднаўлення лімфацытаў пасля трансплантацыі ў пацыентаў не толькі з імунадэфіцытамі, але і анказахворваннямі.

8 студзеня 2018, Мінск
Святлана Васілеўская - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/150/42045
Текущая дата: 28.11.2024