Прадстаўнікі апазіцыі адзначаюць Дзень беларускай вайсковай славы вулічнымі акцыямі ў цэнтры Мінска.
Акцыі таксама скіраваныя супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017".
Неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы прымеркаваны да перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) над арміяй Маскоўскага княства. 8 верасня 1514 года каля рэчкі Крапівенка пад Оршай 30-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграміла ўтрая большае войска Маскоўскага княства.
Неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы прымеркаваны да перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) над арміяй Маскоўскага княства. 8 верасня 1514 года каля рэчкі Крапівенка пад Оршай 30-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграміла ўтрая большае войска Маскоўскага княства.
Адну з сённяшніх акцый праводзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Акцыя, санкцыянаваная Мінгарвыканкамам, пачынаецца ў 18.00 у скверы каля кінатэатра "Кіеў". Паводле інфармацыі арганізатараў, на ёй будзе заяўлена аб абароне Беларусі ад расійскай акупацыі.
Ініцыятарам другой акцыі, якая павінна пачацца ў 19.00 на Кастрычніцкай плошчы, выступіў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Яго падтрымаў Беларускі нацыянальны кангрэс (афіцыйна не зарэгістраваная арганізацыя, у раду якой уваходзяць вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы).
Напярэдадні Статкевіч апавясціў гарвыканкам пра падрыхтоўку мерапрыемства. "У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, паведамляю пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэса правесці ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Мінска акцыю папярэджання. Пачатак акцыі — у 19.00", — праінфармаваў палітык чыноўнікаў.
Мэта правядзення акцыі папярэджання — патрабаваць ад уладаў Беларусі адмяніць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2017", якія пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі дзвюх краін.
Статкевіч заклікаў гарвыканкам "выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства".
18.00. У Кіеўскім скверы сабраліся прыкладна 40 удзельнікаў акцыі — у асноўным гэта пажылыя людзі, у іх ліку адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі КХП-БНФ. За тым, што адбываецца, назіраюць прыблізна дзясятак супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, вядзецца відэаздымка.
18.30. Мікалай Статкевіч прыехаў на Кастрычніцкую плошчу за паўгадзіны да пачатку акцыі. Тут ужо сабраліся журналісты, пачынаюць падыходзіць людзі.
18.50. На плошчу прыйшоў яшчэ адзін лідар Беларускага нацыянальнага кангрэса Уладзімір Някляеў. Ён і Статкевіч гутараць з журналістамі. Адзін з удзельнікаў акцыі трымае плакат з надпісам: "Рускі салдат, ідзі дадому, гарэлкі тут няма". За тым, што адбываецца, назіраюць людзі ў цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку.
У Кіеўскім скверы сабраліся прыблізна 100 чалавек. Людзі трымаюць плакаты і транспаранты з надпісамі: "Абавязак беларускіх вайскоўцаў — абарона Беларусі", "Адмяніць расейскія ваенныя вучэнні на Беларусі", "Абаронім Беларусь ад расейскага імперыялізму", "Беларуская салідарнасць — наш супраціў расійскай акупацыі", "Расея — гэтя вайна", "Спасибо деду за победу".
Мітынг адкрыў намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў, які нагадаў, што 25 гадоў таму беларускія вайскоўцы прынялі прысягу і пакляліся абараняць незалежнасць і свабоду Беларусі. "Сёння адказны час. Наша задача — абуджаць наш народ на барацьбу за нашу Беларусь і незалежнасць, — сказаў ён. — Як і 503 гады таму, на нашу тэрыторыю рухаюцца расійскія войскі, рухаюцца танкі і бэтээры, у іх задачах — захапіць нашу тэрыторыю і з яе пагражаць цывілізаванаму свету". Расійскія войскі "хочуць падставіць нас, выкарыстаць нашу тэрыторыю, каб мера ў адказ не прыляцела ім", заявіў палітык.
18.55. На Кастрычніцкай плошчы прыблізна 20 удзельнікаў акцыі. Акрамя Статкевіча і Някляева тут знаходзяцца актывісты апазіцыі Сяргей Марцалеў, Яўген Афнагель і Вячаслаў Сіўчык.
На думку Статкевіча, мерапрыемства павінна прайсці спакойна, бо сілавыя структуры па меншай меры дазволілі яе ініцыятарам трапіць на плошчу. Статкевіч таксама заявіў, што вучэнні "Захад-2017" выклікаюць занепакоенасць, таму што ў краіну ўводзіцца "вялікі кантынгент расійскіх войскаў". Сучасная Расія, адзначыў палітык, уяўляе небяспеку для Беларусі, бо ў яе кіраўніцтва ёсць "свая ўнутраная логіка захавання ўлады за кошт вонкавых дзеянняў". "Мы не можам гарантаваць, што свае праблемы расійская ўлада не стане вырашаць на беларускай зямлі", — сказаў палітык. Паводле яго слоў, беларуская армія не гатовая бараніць незалежнасць Беларусі. Акцыі, падобныя на сённяшнюю, мабілізуюць патрыятычныя сілы краіны, лічыць Статкевіч.
18.57. Актывісты дасталі гукаўзмацняльную калонку, і цяпер на плошчы гучыць кампазіцыя "Воіны святла" гурту "Ляпіс Трубяцкой". Разгорнутыя некалькі бел-чырвона-белых сцягоў. Уладзімір Някляеў заявіў журналістам: акцыі апазіцыі зараз не настолькі шматлікія, як хацелася б, таму што ўлады сваімі дзеяннямі "запалохалі народ". "Шмат у каго, з кім я размаўляў, ёсць насцярожанасць адносна выхаду на вуліцы для пратэсту. Але калі людзі зараз убачаць, што ўсё праходзіць мірна, колькасць удзельнікаў будзе павялічвацца", — мяркуе палітык.
19.16. На плошчы прыблізна 100 чалавек. Група ўдзельнікаў акцыі разгарнула вялікі бел-чырвона-белы сцяг, людзі скандуюць "Жыве Беларусь!".
Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, Захар Шчарбакоў, БелаПАН, 8 верасня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/151/40697
Текущая дата: 15.11.2024