Белорусский портал в Казахстане

Да пошуку зніклага ў Белавежскай пушчы хлопчыка далучыліся беспілотнікі



Па просьбе МНС супрацоўнікі Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі ў ноч на 22 верасня падключыліся да пошуку зніклага ў Свіслацкім раёне Гродненскай вобласці дзіцяці.

Як паведамляе прэс-служба НАН, падчас начных палётаў беспілотных лятальных апаратаў "Бусел М 40" былі выяўленыя каардынаты шэрагу месцаў, у якіх можа знаходзіцца зніклы хлопчык. Ратавальнікі з раніцы абследуюць выяўленыя цеплавізарамі, усталяванымі на БЛА, месцы магчымага знаходжання дзіцяці. Пошукавыя палёты беспілотнікаў працягваюцца.

Пошукі зніклага ў Белавежскай пушчы дзіцяці ідуць ужо шостыя суткі. Дзесяцігадовы жыхар вёскі Новы Двор Максім Мархалюк знік 16 верасня. На дзіцяці былі чорныя туфлі, спартыўныя цёмна-сінія штаны з белымі палоскамі па баках, байка з капюшонам цёмна-карычневага колеру з аранжавымі плямамі, камізэлька вішнёвага колеру з уцяпляльнікам. Хлопчык пайшоў з дому без галаўнога ўбору.

Дзіця хударлявага целаскладу, рост 134 сантыметры, валасы русыя, коратка падстрыжаныя, вочы шэрыя. Асаблівая прыкмета — радзімая пляма ў вобласці жывата.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне зніклага школьніка, паведаміць па тэлефонах (8033) 688-62-50, (8029) 572-30-12, (801513) 33-282 альбо ў найбліжэйшае аддзяленне міліцыі па нумары 102.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/152/40819
Текущая дата: 28.11.2024