Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Улада абсалютна нікога не баіцца і не запалохвае



Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па пытаннях забеспячэння грамадскай бяспекі.

"Мы ў стане сёння захаваць мір і спакой у нашай краіне, і мы нічога і нікога не баімся, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Давайце абмяркуем наяўную сітуацыю. Мяне вельмі турбуе тая інфармацыя, якую я атрымліваю. Гэта не той аб`ём, які мы даем у СМІ (ужо каб не запалохваць, мізэр даем). Абмяркуем увесь комплекс той інфармацыі і мерапрыемстваў, якія праведзеныя ў сувязі з нашай антытэрарыстычнай барацьбой, і зробім адпаведныя высновы. Нікога, падкрэсліваю, не запалохваючы, не палохаючы, будзем дзейнічаць роўна паводле закона".

Лукашэнка падкрэсліў, што нараду спецыяльна было вырашана правесці адкрыта. "Я прытрымліваюся аднаго пункту гледжання: мы нічога ні ад каго не павінны закрываць. Мы павінны сумленна, адкрыта абмяркоўваць тыя пытанні, якія сёння хвалююць нашых людзей і, натуральна, не могуць не хваляваць нас", — дадаў ён.

Лукашэнка абвергнуў меркаванне аб тым, што "напярэдадні некаторых нежаданых падзей улада пачынае кагосьці запалохваць".

"Бачу, што ходзіць такая шалёная думка ў кагосьці. Я гэтым спадарам хачу сказаць, што ўлада сёння абсалютна нікога не баіцца. Асабліва, што тычыцца прэзідэнта. Мы праводзім сумленную, шчырую палітыку", — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, улада не дапусціла, каб краіну "раскралі і расьцягнулі на кавалкі".

"Мы не раздалі ўласнасць, хоць сёй-той ўнутры і асабліва звонку марыць тут падзяліць сёе-тое. Мы праводзілі тую палітыку, якую абяцалі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Але, тым не менш, неяк непрыемна чуць, што мы кагосьці палохаем. Хачу сказаць, што мы нікога не палохаем і палохаць не будзем. Але мы будзем вельмі жорстка прытрымлівацца выканання законаў і Канстытуцыі краіны", — удакладніў ён.

"Мы нікому не закрываем рот, але крок налева, крок направа ад закона будзе самым жорсткім чынам спыняцца", — папярэдзіў Лукашэнка.

У краіне, сцвярджае ён, падтрымліваецца спакой і парадак, а людзі адчуваюць сябе ў бяспецы. "Гэта няпроста даецца. І калі толькі мы дзесьці парушым гэты парадак, заўтра будзе так, як у нашых суседзяў. Калі нехта хоча гэтага (хай мізэр у грамадстве, але такія ёсць), яны павінны разумець, што мы, нікога не запалохваючы, заклічам іх да парадку. Вось тэма нашай сённяшняй гутаркі", — сказаў Лукашэнка.

Паводле апошніх звестак праваабаронцаў, 21—22 сакавіка спецслужбамі па падазрэнні ў падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" затрымана 20 чалавек, у тым ліку актывісты арганізацыі "Белы легіён", якая спыніла сваю дзейнасць 15 гадоў таму.

Затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць пра баевікоў, якія "рыхтуюць правакацыю са зброяй".

Аналітыкі звязваюць тое, што адбываецца, са спробамі ўладаў нейтралізаваць апазіцыю і грамадскіх актывістаў напярэдадні акцыі ў гонар Дня Волі, запланаванай на 25 сакавіка. Акрамя таго, з 17 лютага ў розных гарадах Беларусі праходзяць вулічныя пратэсты ў сувязі з дэкрэтам № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".

Праваахоўныя органы сітуацыю па-ранейшаму не каментуюць.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 23 сакавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/154/38936
Текущая дата: 15.11.2024