Згодна з паведамленнем інфармацыйная сесія для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі адбылася 4 мая ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB).
Прадстаўніцтва Еўрасаюза абвясціла аб пачатку прыёму заявак на конкурс праектаў па падтрымцы партнёрства грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады ў Беларусі, паведамляецца 8 мая на сайце euneighbours.eu.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у сваім выступе адзначыла, што з 2007 па 2017 гады Еўрасаюз выдзеліў больш за 40 млн еўра на падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і амаль 10 млн еўра — на падтрымку дзейнасці мясцовых уладаў.
"Мы падтрымалі праекты самых розных катэгорый удзельнікаў — дзяцей і моладзі, жанчын, жыхароў сельскіх раёнаў, інвалідаў, зняволеных. Тэмы гэтых праектаў таксама былі рознымі, аднак усе яны накіраваны на развіццё дэмакратычных прынцыпаў кіравання грамадствам", — падкрэсліла яна.
Паводле слоў Віктарын, сёлетні конкурс праектаў фінансуецца за кошт ініцыятывы "Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады", якая накіравана на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці і ўладных структур у краінах — партнёрах ЕС, і "Еўрапейскай ініцыятывы ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека", закліканай садзейнічаць развіццю і ўмацаванню дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі да асноўных свабод.
Мэта гэтага конкурсу праектаў — умацаванне супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады, каб "яны сумесна кіравалі дэмакратычнымі рэформамі для ўсебаковага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі".
"Мы добра разумеем ўмовы, у якіх вы працуеце ў Беларусі. Тым не менш мы перакананыя ў тым, што гэты конкурс прыцягне шэраг заявак, у выніку якіх будзе рэалізавана пяць-дзесяць высокаэфектыўных праектаў у інтарэсах усяго беларускага грамадства", — сказала Віктарын.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 8 мая 2017
Мінск, 8 мая 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/154/39292
Текущая дата: 28.11.2024