Белорусский портал в Казахстане

Урад зацвердзіў план мерапрыемстваў па правядзенні Года навукі



Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 14 лютага 2017 года нумар 125 зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года навукі ў 2017 годзе.

Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце беларускага ўрада.

"План - своеасаблівая "дарожная карта" максімальнага ўключэння навуковай сферы як важнейшай рухаючай сілы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў забеспячэнне канкурэнтаздольнасці Беларусі на сусветным рынку", - гаворыцца ў паведамленні.

План мае комплексны характар і змяшчае каля 70 мерапрыемстваў, якія накіраваны на ўдасканаленне нарматыўнага прававога і навукова-метадычнага забеспячэння навукі; асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дасягненняў беларускай навукі; выдавецкую дзейнасць вучоных; навукова-практычныя мерапрыемствы (канферэнцыі, семінары, круглыя сталы і інш.) і г.д.

Асаблівая ўвага ўдзелена падтрымцы творчай актыўнасці моладзі, выяўленню таленавітых і адораных маладых вучоных, якія валодаюць лідарскімі якасцямі, патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення навуковых работнікаў, фарміраванню кадравага рэзерву, рабоце з маладымі спецыялістамі, а таксама падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

Асноўны акцэнт зроблены на арганізацыю інавацыйнай дзейнасці ў галіне навукі і міжнароднае супрацоўніцтва. План закранае ўсе аспекты ўзаемадзеяння навукі з грамадствам і галінамі эканомікі.

Адказным за каардынацыю работы па выкананні рэспубліканскага плана вызначана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму, даручана прадстаўляць у Нацыянальную акадэмію навук інфармацыю аб ходзе выканання рэспубліканскага плана за першае паўгоддзе - да 10 ліпеня 2017 года, за год - да 10 студзеня 2018 года.

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана інфармаваць Савет Міністраў аб ходзе выканання мерапрыемстваў, уключаных у рэспубліканскі план, адпаведна да 25 ліпеня 2017 года і да 25 студзеня 2018 года.

Фінансаванне мерапрыемстваў рэспубліканскага плана будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на 2017 год, уласных сродкаў арганізацый і іншых крыніц.

15 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/155/38671
Текущая дата: 14.11.2024