Белорусский портал в Казахстане

Беларускія медыкі ўпершыню правялі аперацыю па перасадцы комплексу "сэрца-лёгкія"



Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" Аляксандр Мрочак.

"2 лістапада брыгадай нашых маладых хірургаў была ўпершыню праведзена аперацыя па трансплантацыі комплексу "сэрца-лёгкія", - сказаў Аляксандр Мрочак.

Гэтаму папярэднічала працяглая падрыхтоўка, у першую чаргу саміх спецыялістаў. Беларускія кардыяхірургі прайшлі стажыроўку ў Гановерскім цэнтры, які з`яўляецца сусветным лідарам у галіне трансплантацыі лёгкіх і комплексу "сэрца-лёгкія".

Штогод у цэнтры выконваецца каля 150 трансплантацый лёгкіх і каля 10-15 трансплантацый комплексу "сэрца-лёгкія". Паводле слоў кардыяхірурга РНПЦ "Кардыялогія" Сяргея Спірыдонава, гэта тэхнічна складаная аперацыя, таму спецыялісты да яе доўга рыхтаваліся. "Наогул займацца трансплантацыяй комплексу "сэрца-лёгкія" прымусіла жыццё. З 2009 года ў нас праходзіць трансплантацыя сэрца ў пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю, аднак ёсць група тых, якім мы не можам дапамагчы толькі трансплантацыяй.

Гэта, як правіла, пацыенты з працягла існуючым парокам сэрца - прыроджаным або набытым. Працяглае існаванне гэтага пароку прыводзіць да высокай лёгачнай гіпертэнзіі. Тут заменай толькі аднаго сэрца пацыенту не дапаможаш, паколькі ў яго будзе развівацца праважалудачкавая недастатковасць", - дадаў ён.

Існаванне такіх пацыентаў абумовіла неабходнасць стварэння адпаведных пратаколаў трансплантацыі, правядзення трэніровак, стажыровак, і, нарэшце, была выканана першая ў краіне перасадка комплексу "сэрца-лёгкія". Аперацыя прадаўжалася 9 гадзін - з 13.00 да 22.00. Працавала вялікая колькасць урачоў пад кіраўніцтвам акадэміка Юрыя Астроўскага.

"Трансплантацыя комплексу "сэрца-лёгкія" - гэта тэхнічна складаная працэдура, яна патрабуе вялікай дапамогі анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, работы каардынатараў, урачоў, якія рыхтуюць рэцыпіента да трансплантацыі, увогуле над гэтай аперацыяй працавалі амаль 20 чалавек", - адзначыў Сяргей Спірыдонаў.

Кардыяхірург РНПЦ "Кардыялогія" Уладзімір Андрушчук, які таксама быў у брыгадзе хірургаў, падкрэсліў: "Асноўнае - гэта была падрыхтоўка, а ў баі было даволі проста. Людзі, якія ўдзельнічалі ў брыгадзе і назіралі аперацыю збоку, гаварылі, што работа была вельмі зладжаная, рухі вывераныя".

Што датычыцца рэцыпіента, яму 32 гады, у ліст чакання быў пастаўлены ў сакавіку бягучага года. Каб правесці трансплантацыю, неабходна было падабраць донара, які падыходзіў па многіх параметрах, у тым ліку росце і вазе. Падбор неабходнага донара заняў 6-7 месяцаў. Цяпер рэцыпіент знаходзіцца ў боксавай палаце, уваход туды толькі ў масках, шапках і стэрыльных халатах.

Мужчына паступова ідзе на папраўку. Наперадзе ў яго працяглы працэс рэабілітацыі. У чарзе на правядзенне такой аперацыі чакаюць 15 рэцыпіентаў. У іх як прыроджаныя, так і набытыя парокі сэрца, якія прывялі да лёгачнай гіпертэнзіі. Ёсць пацыенты з тромбаэмбаліяй. Паказаннем для ўключэння ў ліст чакання з`яўляецца працягласць жыцця пацыента: калі той без аперацыі не можа пражыць больш за год.

Раней у Беларусі быў вопыт трансплантацыі адначасова ад аднаго донара рэцыпіенту комплексу "сэрца-ныркі". Усяго выканана тры такія аперацыі.

15 лістапада 2016, Мінск
Святлана Васілеўская - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/158/37574
Текущая дата: 28.11.2024