Белорусский портал в Казахстане

Сіноптыкі прагназуюць больш халодную ў параўнанні з мінулым годам зіму



Цяперашняя зіма ў Беларусі чакаецца халаднейшай мінулагодняй, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

Ён адзначыў, што сярэдняя тэмпература паветра за зімовы сезон 2015/2016 склала мінус 1,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 4°С. Сіноптык нагадаў, што цёплымі былі снежань і люты, а сярэдняя месячная тэмпература студзеня апынулася некалькі ніжэйшай за кліматычную норму. Гэтая зіма ўвайшла ў пяцёрку самых цёплых зім.

У цяперашнюю зіму сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі чакаецца каля кліматычнай нормы (мінус 5,5°С). "Асноўным кліматаўтваральным фактарам у зімовы перыяд будуць цыркуляцыйныя працэсы ў атмасферы, для якіх характэрна чаргаванне вільготнага і цёплага паветра з Атлантыкі і халоднага кантынентальнага паветра, якое прыходзіць з усходу. Панаванне то вільготных і цёплых, то халодных паветраных мас створыць няўстойлівы характар беларускай зімы. За перыяд інструментальных назіранняў не было ў Беларусі ні адной зімы без адліг", — зазначыў Рабаў.

Сярэдняя працягласць перыяду адлігі складзе 4-6 дзён. Агульная колькасць дзён з адлігай змяняецца па тэрыторыі рэспублікі ад 25 на паўночным усходзе да 50 на паўднёвым захадзе. "Нярэдка адлігі будуць настолькі інтэнсіўнымі, асабліва па паўднёва-заходняй палове краіны, што цалкам згоняць снег з палёў", — сказаў сіноптык.

Калі на тэрыторыю рэспублікі з поўначы і паўночнага ўсходу пачне пранікаць арктычнае паветра, усталюецца марознае надвор`е. Марозныя перыяды будуць мець сярэднюю працягласць 5-7 дзён. Часам у марозныя перыяды будуць назірацца завеі, шэрань.

Сярэдняя колькасць ападкаў у будучы зімовы сезон у Беларусі чакаецца большай за кліматычную норму, якая ў Беларусі складае 115 мм за зіму. Снег або дождж будуць ісці ў сярэднім кожны другі дзень. Сутачныя сумы ападкаў, як правіла, невялікія — прыкладна ў 50% усіх адзначаных выпадкаў яны склалі менш за 1 мм.

"Будуць, вядома, і неспрыяльныя і небяспечныя з`явы надвор`я (снегапады, моцны вецер, завеі, туманы і галалёд)", — падкрэсліў Рабаў.

У снежні сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізкай да нормы (мінус 2—5°С) сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца большай за сярэднія шматгадовыя значэнні, якія складаюць 38 мм.

У студзені сярэдняя тэмпература паветра чакаецца блізкай да нормы, па захадзе краіны на 1°C вышэйшай за норму (кліматычная норма студзені мінус 5—8°С). У параўнанні са снежнем яна паніжаецца на 2,7°C. Сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца ніжэй сярэдніх шматгадовых значэнняў (38 мм).

У лютым сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 0,5°С вышэйшай за норму, па поўначы краіны на 0,5°C ніжэйшай (пры норме мінус 4-8°С). Сярэдняя месячная колькасць ападкаў чакаецца каля нормы, па паўночным усходзе трохі менш (норма лютага — 33 мм).

Пры гэтым сіноптык падкрэсліў, што апраўдвальнасць такіх сезонных прагнозаў складае 60-70%.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/158/37848
Текущая дата: 28.11.2024