Штам каранавіруса «Пірола» ў Беларусі пакуль не выяўлены, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі пастаянна праводзяць малекулярна-генетычны маніторынг распаўсюджвання генетычных варыянтаў SARS-CoV-2, у тым ліку наваз’яўленых. «Штам каранавіруса „Пірола“ на гэты момант у Беларусі не зарэгістраваны», — паведамілі ў прэс-службе.
Упершыню штам выявілі ў канцы ліпеня 2023 года ў Ізраілі. Ён паходзіць з сублініі ВА.2 варыянта «амікрон», які справакаваў уздым захваральнасці на COVID-19 у пачатку 2022 года. У верасні 2023 года аб з’яўленні новага штаму на сваёй тэрыторыі паведамілі ўжо 15 краін. На сёння «пірола» па колькасці заражэнняў яшчэ не выйшла ў лідары ў свеце. Як і раней, пераважае рэкамбінантныя форма віруса ХВВ.1.5.
Лічыцца, што «пірола» больш заразная, чым яе папярэднікі, паколькі мае найбольшую колькасць мутацый у спайк-бялку ў параўнанні з зыходным варыянтам «амікрон». Гэта стала магчыма ў выніку незвычайнай эвалюцыі віруса дзякуючы яго прысутнасці ў арганізме доўга хварэючых людзей (напрыклад, пры імунадэфіцытных станах).
СААЗ уключыла варыянт «пірола» ў лік варыянтаў COVID-19, якія знаходзяцца пад наглядам. Лічыцца, што штам здольны ўхіляцца ад імунітэту, набытага пасля захворвання на іншыя штамы COVID-19 або пасля вакцынацыі. Але не даказана, што гэты варыянт правакуе больш цяжкае цячэнне або больш высокі ўзровень смяротнасці. Сімптомы захворвання мала адрозніваюцца ад тыповых прыкмет каранавіруснай інфекцыі.
На думку экспертаў, у цэлым COVID-19 прадаўжае быць пагрозай. СААЗ заклікала падтрымліваць барацьбу з яго распаўсюджваннем, у тым ліку праводзіць бустарную вакцынацыю.
Звязда, 19 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/16/71300
Текущая дата: 24.11.2024