Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі вызначаны парадак прыёму на альтэрнатыўную службу і ўмовы яе праходжання



Пр агэта паведамілі ў прэс-службе ўрада.

У Беларусі вызначаны парадак прыёму на альтэрнатыўную службу і ўмовы яе праходжання. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 18 красавіка 2016 года нумар 312, Дакумент прыняты ў мэтах прывядзення нарматыўнай прававой базы ў адпаведнасць з законам "Аб альтэрнатыўнай службе" ад 4 чэрвеня 2015 года.

Праходзячы альтэрнатыўную службу, грамадзяне будуць выконваць работы ў арганізацыях аховы здароўя, жыллёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый.

Яны таксама будуць прыцягвацца да рамонту чыгуначных пуцей і аўтадарог. Акрамя таго, ім можна будзе працаваць у органах і падраздзяленнях МНС. Час праходжання грамадзянамі альтэрнатыўнай службы залічваецца ў стаж работы.

Прадугледжана, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўстанаўлівае пералік арганізацый, у якіх грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу, а таксама формы прадпісання для праходжання альтэрнатыўнай службы, пасведчанні і форму ўліковай карткі грамадзяніна, які праходзіць такую службу.

Пастанова таксама замацоўвае парадак і ўмовы прадастаўлення грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы, першага рабочага месца.

Акрамя таго, вызначаны парадак правядзення ваенна-ўрачэбнай экспертызы. Правамоцтвы праводзіць яе для вызначэння катэгорыі годнасці грамадзян прадастаўлены ваенна-ўрачэбным камісіям.

Вызначаны агульныя палажэнні арганізацыі і правядзення медыцынскага агляду грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу.

Устаноўлена, што такі агляд праводзіцца па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы знаходжання арганізацыі, у якой грамадзянін будзе служыць.

Парадак накіравання на медыцынскі агляд, формы дакументаў, неабходных для накіравання, і парадак іх афармлення ўстанаўліваюцца Мінпрацы і сацабароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя па ўзгадненні з Мінабароны.

Арганізацыя правядзення медыцынскага агляду грамадзян ускладаецца на ваеннага камісара (кіраўніка адасобленага падраздзялення ваеннага камісарыята) раёна (горада) па месцы праходжання грамадзянінам службы.

Медыцынскі агляд праводзяць урачы-спецыялісты, уключаныя ў склад урачэбных камісій з правамі ваенна-ўрачэбных камісій ваенных камісарыятаў (адасобленых падраздзяленняў ваенных камісарыятаў) раёнаў (гарадоў): урач-хірург, урач-тэрапеўт, урач-неўролаг, урач-афтальмолаг, урач-отарыналарынголаг і пры неабходнасці - урачы іншых спецыяльнасцей.

Для ўдакладнення дыягназу грамадзянін, які праходзіць альтэрнатыўную службу, можа быць накіраваны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя на медыцынскае абследаванне ў амбулаторных або стацыянарных умовах.

Пры гэтым патрабаванні да стану здароўя аналагічныя патрабаванням, што прад`яўляюцца ў адносінах да грамадзян, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.

20 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/164/35251
Текущая дата: 09.11.2024