Белорусский портал в Казахстане

Пяты Усебеларускі народны сход пройдзе 22—23 чэрвеня



Указ аб гэтым Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 мая, паведаміла прэс-служба Прэзідэнта.

Рашэнне аб скліканні сходу прынятае "ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця", адзначаецца ў паведамленні. На абмеркаванне выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады і аб асноўных палажэннях аналагічнай праграмы на 2016—2020 гады.

Колькасць удзельнікаў сходу складзе 2,5 тысячы чалавек. Указ таксама вызначае арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні сходу.

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў урада і іншых галін улады, кіраўнікоў і працаўнікоў прадпрыемстваў, дзеячаў навукі і культуры. На яго вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны, якія павінны ацэньваць дзеянні ўлады за мінулыя пяць гадоў, вызначаць асноўныя напрамкі і параметры развіцця дзяржавы, зацвярджаць план эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на наступны пяцігадовы тэрмін.

Раней сход заўсёды праводзілі незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Мінулы год стаў выключэннем: выбары адбыліся 11 кастрычніка, а Усебеларускі народны сход так і не правялі. Сёлета ён пройдзе праз два тыдні пасля меркаванай даты старту парламенцкай выбарчай кампаніі (7 чэрвеня). Самі парламенцкія выбары прызначаныя на 11 верасня.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 3 мая 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/164/35387
Текущая дата: 09.11.2024