Белорусский портал в Казахстане

МУС Беларусі прапануе ўзмацніць адказнасць для "злодзеяў у законе" і "аўтарытэтаў"



Аб гэтым заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

МУС Беларусі выступіла з ініцыятывай аб узмацненні адказнасці ў адносінах да лідараў крымінальнага асяроддзя.

"Намі падрыхтаваны новы законапраект аб узмацненні барацьбы з асабліва небяспечнымі відамі злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасці ў адносінах да лідараў крымінальнага асяроддзя.

Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся ў бліжэйшы час абагульніць усю існуючую інфармацыю па гэтай тэматыцы, каб з зацікаўленымі кампетэнтнымі органамі абмеркаваць гэтыя прапановы на нарадзе з яго удзелам", - заявіў Ігар Шуневіч.

Міністр растлумачыў, што МУС у прыватнасці прапануе ўвесці новыя дэфініцыі ў правапрымяняльную практыку, каб ідэнтыфікаваць лідараў злачыннага асяроддзя.

"Ёсць пэўныя тэрміны, як "злодзей у законе", "аўтарытэт" і гэтак далей. І мы хацелі б, каб такія лідары неслі асаблівую адказнасць за свае дзеянні па кіраўніцтве злачыннасцю на нашай тэрыторыі. Больш суровую, чым усе астатнія ўдзельнікі злачынных арганізацый", - адзначыў ён.

Паводле слоў Ігара Шуневіча, аб эфектыўнасці работы праваахоўных органаў па спыненні дзейнасці такіх злачынных лідараў можа сведчыць той факт, што з пяці вядомых "злодзеяў у законе" чацвёра знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

"На мой погляд, гэта эфектыўны спосаб вырашэння такой праблемы. У далейшым, мы мяркуем, асаблівых змяненняў не адбудзецца ні ў структуры злачыннасці ў гэтай частцы, ні ў частцы нашага рэагавання. А калі такі закон па нашай ініцыятыве будзе прыняты, мы атрымаем дадатковы інструмент для таго, каб больш эфектыўна паралізаваць развіццё гэтых працэсаў у крымінальным свеце", - падкрэсліў міністр.

На сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся таксама прапануемыя навацыі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. "Частка з іх датычыцца правапарушэнняў па лініі ДАІ, а частка - іншых артыкулаў кодэкса, у тым ліку і тых, што датычацца грамадскай бяспекі. Прэзідэнта цікавіла пытанне аб тым, як людзі адрэагавалі на кожную канкрэтную прапанову, і што ў сваю чаргу яны прапанавалі, каб дапоўніць ініцыятывы МУС", - расказаў Ігар Шуневіч.

"Абмяркоўваліся некаторыя алгарытмы дзеянняў, якія звяліся да аднаго, што супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен быць памочнікам чалавеку ў любой складанай сітуацыі. Асноўныя напрамкі мы абмеркавалі. Яны характэрны для ўсёй сістэмы прапаноў і ў асноўным падтрыманы кіраўніком дзяржавы", - дадаў міністр.

Ён таксама далажыў Прэзідэнту аб стане барацьбы са злачыннасцю ў першым квартале бягучага года, канстатаваўшы, што значных змяненняў у аператыўнай абстаноўцы і спосабах рэагавання на яе не адбылося.

"Механізмы і інструментарый, якія мы распрацавалі ў папярэднія гады, сёння даюць пэўныя вынікі. Мы можам уплываць на любыя змяненні ў аператыўнай абстаноўцы з пункту гледжання як яе ўскладнення, так і з`яўлення новых пагражальных фактараў і рызык", - запэўніў Ігар Шуневіч.

25 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/165/35318
Текущая дата: 28.11.2024