Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што абдумваў прапановы ўрада "не адзін дзень і не адзін тыдзень". "І я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, — я на гэта не тое што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага".
"Прашу прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарчую кампанію, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Хлусіць людзям нельга. У адваротным выпадку мы будзем праводзіць так званыя рэформы для сябе, якія народ не прыме, гэта не толькі ўнясе сумятню ў розумы людзей, але і дэстабілізуе становішча, і тады нам спатрэбіцца пры страце кіравальнасці, магчыма, і асобы ўлады, грошай значна больш, чым трэба, дапусцім, сёння для пагашэння знешняга запазычання".
Паводле слоў Лукашэнкі, "урад не павінен быць нейкай канторай". "Ён павінен сёння (прама пра гэта трэба казаць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, у Савеце міністраў распрацаваны праект закона аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні, які дае ўраду паўнамоцтвы карэктаваць гадавыя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Чакалася, што ён паступіць у парламент яшчэ восенню мінулага года, але гэтага не адбылося дагэтуль.
Прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Беларусі зацвярджаюцца прэзідэнтам і да цяперашняга часу на працягу года, нягледзячы на невыкананне прагнозных паказчыкаў, ніколі не карэктаваліся. Між тым структурнае рэфармаванне эканомікі, якое мае на ўвазе ў тым ліку адмену ручнога кіравання, з`яўляецца ўмовай для атрымання Беларуссю новых крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый, і ў прыватнасці МВФ.
БелаПАН
Мінск, 26 студзеня 2016
Мінск, 26 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/168/33980
Текущая дата: 28.11.2024