Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй вузла супраціўлення ўмацаванага раёна ў Брэсцкай вобласці



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў вучэбны аб`ект Міністэрства абароны "Вузел супраціўлення".

Прэзідэнт азнаёміўся з варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціўлення Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі.

Як далажыў камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца напружанай і сведчыць аб тым, што прымяненне ваеннай сілы па-ранейшаму з`яўляецца адным з асноўных інструментаў, якім карыстаюцца для дасягнення палітычных і эканамічных мэт.

Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая і наступальныя групоўкі войскаў адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў пераадоленні абароны праціўніка.

"Адным з падыходаў забеспячэння надзейнай абароны з`яўляецца стварэнне ўмацаваных раёнаў. Іх асноўнае прызначэнне - прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў і верагодных напрамкаў дзеянняў праціўніка з мэтай адбіцця наступлення перавышаючых сіл праціўніка і стварэння ўмоў для дзеянняў нашых войскаў", - падкрэсліў Уладзімір Белы.

Прэзідэнту паказалі месцы размяшчэння асабовага складу, камандна-назіральны пункт камандзіра роты, гаспадарчы блок.

Знаёмячыся з пазіцыямі мотастралковага аддзялення, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякай паказухі быць не павінна. "Нават калі ўпэўнены, што ні з кім ваяваць не будзем. За паказуху, як за дзедаўшчыну, жалезабетонна спытаем", - папярэдзіў ён.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў існуючыя на ўзбраенні і перспектыўныя сродкі для вядзення контрбатарэйнай барацьбы, сродкі сувязі. Потым Прэзідэнту паказалі комплексныя заняткі з узмоцненай мотастралковай ротай з выкарыстаннем элементаў вузла супраціўлення.

6 кастрычніка 2023, Брэсцкая вобласць
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/17/71142
Текущая дата: 24.11.2024