Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі не маюць намеру ламаць сваю схему сацыяльнай дзяржавы



Аб гэтым 17 лістапада заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падабаецца гэта фонду або не, але "мы не маем намеру ламаць тую схему сацыяльнай дзяржавы, якая намі выпрацавана".

"Проста сэнс у тым, што мы не можам кінуць ніводнае дзіця, ніводнага старога, інваліда без дапамогі нашага грамадства, дзяржавы, - растлумачыў Прэзідэнт. - У гэтым сэнс сацыяльнай дзяржавы. Мы не можам іх проста выкінуць на абочыну дарогі, па якой мы ідзём".

Усе астатнія прапановы фонду, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, абсалютна рэалізуемыя ў Беларусі.

"Мы гатовы ў гэтым напрамку прадоўжыць работу", - сказаў кіраўнік дзяржавы і выказаў пажаданне, каб у выпадку дасягнення дамоўленасцей не зацягваліся тэрміны.

У сваю чаргу Пітэр Долман падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за адкрытасць, якую ён прадэманстраваў у час сустрэчы. Паводле слоў кіраўніка місіі МВФ, гэта знак вельмі адкрытага і плённага ўзаемадзеяння, якое ўжо развіваецца паміж МВФ і Беларуссю.

Пітэр Долман адзначыў, што ў МВФ і беларускага боку адны мэты па пабудове эфектыўнай эканомікі Беларусі, якая развіваецца. МВФ таксама ўдзяляе павышаную ўвагу абароне насельніцтва, прадастаўленню неабходнай падтрымкі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

17 лістапада 2015, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/170/33270
Текущая дата: 29.11.2024