Грамадзян, якія маюць інфармацыю пра гэтага мужчыну і пра ўчыненае злачынства, просяць паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на сваім сайце 17 верасня размясціла паведамленне пра вышук і ўстанаўленне асобы чалавека, які можа валодаць інфармацыяй пра акалічнасці забойства ў пачатку гэтага года ў Мінску крымінальнага аўтарытэта з Кыргызстана Алмамбета Анапіяева. Фота асобы, якая адшукваецца, таксама размешчана на сайце МУС.
Нагадаем, 18 лютага на вуліцы Карла Лібкнехта ў Мінску ў багажніку аўтамабіля быў знойдзены труп мужчыны. 24 лютага беларускія следчыя органы паведамілі, што забіты апазнаны як Алмамбет Анапіяеў, крымінальны аўтарытэт з Кыргызстана. Целаахоўнік забітага, які вярнуўся на радзіму, здаўся праваахоўным органам. Паводле яго паказанняў, да забойства Анапіяева нібыта маюць дачыненне Айбек Абдыразакаў і Рустам Сайдуеў. Абодва з`яўляюцца набліжанымі брата экс-прэзідэнта Кыргызстана і былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы Жаныбека Бакіева. Яны праходзяць абвінавачванымі па справе аб забойстве былога кіраўніка апарата прэзідэнта Медэта Садыркулава.
Пасля жорсткай заявы 26 сакавіка прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева аб дачыненні да забойства Жаныбека Бакіева з патрабаваннем выдаць кіргізскаму правасуддзю братоў Бакіевых, міністэрства замежных спраў Беларусі і Кыргызстана абмяняліся рэзкімі выпадамі.
Беларускае МЗС назвала выказванні прэзідэнта Кыргызстана "перагрэтымі эмацыянальнымі заявамі", немагчымымі "на ўзроўні лідара цывілізаванай дзяржавы". "Але нават калі пакінуць за дужкамі іх прадузятасць, то агучаныя на вышэйшым узроўні абвінавачанні ва ўчыненні цяжкага злачынства ідуць насуперак агульнапрынятым міжнародным нормам крымінальнага судаводства", — заявіла знешнепалітычнае ведамства. У заяве таксама падкрэслівалася, што "ў любой сучаснай краіне Канстытуцыя і законы ўстанаўліваюць, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, пакуль яго вінаватасць не будзе даказаная прыгаворам суда". "Аднак, мяркуючы па шэрагу завочных крымінальных працэсаў, якія прайшлі ў Кыргызстане, гэта краіна ў цэлым мае свой, спецыфічны падыход да правасуддзя. Гэта выклікае сумненне ў здольнасці кіргізскай дзяржавы забяспечваць выкананне правоў сваіх грамадзян, у тым ліку і права на справядлівую судовую абарону", — заявіла МЗС Беларусі.
На гэта МЗС Кыргызстана заклікала Мінск "не забельваць" праблему ўкрывальніцтва кіргізскага крыміналу і назвала заяву беларускіх калегаў чарговым "пацвярджэннем намеру" афіцыйных органаў Беларусі "любымі сродкамі выгарадзіць і абараніць злачынцаў, асуджаных у Кыргызстане за ўчыненне асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку Жаныбека Бакіева".
"Зусім недарэчна гучаць таксама спасылкі беларускага боку на паняцці "цывілізаванасці дзяржавы", "выканання правоў сваіх грамадзян", "справядлівай судовай абароны" і "спецыфічнага падыходу да правасуддзя", — адзначылі ў МЗС Кыргызстана. — Тым больш у святле вядомых сусветнай супольнасці фактаў, якія стварылі ўстояны імідж адпаведных органаў Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго іх кіраўнікоў не прымаюць у большасці цывілізаваных краін свету".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 верасня 2015
Мінск, 17 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/172/32670
Текущая дата: 29.11.2024