Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся, то з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай



"Калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся, то з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі мы забяспечым унутраную стабільнасць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе візіту на Мінскі завод колавых цягачоў 14 жніўня.

Лукашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, падкрэсліў, што ў цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел свету і барацьба за сусветны ўплыў, галоўная задача — абараніць і захаваць краіну. "Як бы нам ні было цяжка, мы павінны захаваць мір у нашай краіне, няважна, з якім прэзідэнтам. Трэба каб былі мір і стабільнасць", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Я адзінае, не жадаў бы, каб мы жылі на чужой зямлі, — заявіў ён. — Я жадаў бы, каб мы ніколі не хадзілі больш у лапцях і каб нас плёткай не сцягалі, як гэта заўсёды было ў нашай гісторыі".

Лукашэнка не лічыць цяпер галоўным жаданне народа зарплаты пабольш і працы паменш. Паводле яго слоў, цяпер пачаўся жорсткі перадзел свету, і калі раней свет дзялілі проста, то сёння ўсё значна складаней. "Увесь свет сёння, напрыклад, аб`яднаўся ў барацьбе з ІГІЛ. Усе ваююць супраць яго, — адзначыў афіцыйны лідар. — Але ніхто не падумаў аб тым, а як жа гэты ІГІЛ, дзе сабралі людзей з усяго свету, супрацьстаіць такім магутным дзяржавам, якія нібыта супраць яго ваююць?"

"І ломяць цэлыя дзяржавы. Заходняя кааліцыя на чале з Амерыкай не можа з імі справіцца. А чаму? А таму што з гэтай кааліцыі гэты ІГІЛ хтосьці фінансуе, ён камусьці выгадны, здагадайцеся самі з трох разоў, каму гэта выгадна. Каб змяніць архітэктуру свету. Каб падзяліць багатыя вуглевадародам землі, а дакладней забраць сабе. Але не сваімі рукамі. А рукамі вось гэтых бедачынаў, якім у галаву ўбілі нейкія ідэі і яны ідуць, паміраюць, ваююць за нейкія грошы і сродкі", — сказаў Лукашэнка.

"Усё значна складаней, — падкрэсліў ён. — Ідзе перадзел свету. І зарплата — гэта вельмі важна. Але перада мной як прэзідэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурным моры не наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не ўтапілі і яна не пайшла на дно".

"Мы вельмі проста разглядаем сітуацыю ва Украіне: нацыяналісты, фашысты, карупцыя і іншае. Гэта на паверхні, — прадоўжыў Лукашэнка. — Але ўспыхнула ж Украіна не толькі па ўнутраных прычынах. Так, яна была зручная, каб перавярнуць усё. Але за гэтай бойкай па адзін і па другі бакі стаяць моцныя свету гэтага. І вось як нам знайсці тое месца, каб уберагчы гэты лапік зямлі, можа, ужо не для сябе, а для нашых дзяцей — вось што сёння галоўнае".

БелаПАН
Мінск, 14 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/173/32395
Текущая дата: 29.11.2024