Белорусский портал в Казахстане

За спробу парушэння мяжы затрыманыя грамадзяне Самалі, Афганістана, Грузіі і Украіны



У Гродзенскім раёне 14 ліпеня памежнікі затрымалі 20-гадовага грамадзяніна Самалі.

Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі, са слоў маладога чалавека, яго бацькі загінулі падчас баявых дзеянняў, якія зараз ідуць ва ўсходнеафрыканскай дзяржаве. У Польшчы ў яго былі сябры, таму ён вырашыў паехаць да іх. Паколькі неабходных дакументаў у выхадца з Афрыкі не было, ён вырашыў перасякаць мяжу незаконным спосабам. Грамадзянін Самалі затрыманы да ўстанаўлення асобы. 

У гэты ж дзень у Ашмянскім раёне смаргонскія памежнікі за 600 метраў ад мяжы затрымалі двух грамадзян Грузіі. Яны прызналіся, што спрабавалі парушыць мяжу ў пошуках лепшых умоў жыцця ў краінах Еўрасаюза. Мужчыны аформленыя парушальнікамі мяжы, іх чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам на некалькі гадоў. 

Таксама 14 ліпеня ў Лельчыцкім раёне за 150 метраў ад мяжы мазырскія памежнікі затрымалі грамадзянку Украіны, а таксама шэсць грамадзян Афганістана. Жыхарка Жытомірскай вобласці спрабавала незаконна пераправіць ва Украіну цэлую сям`ю — бацькоў і чацвярых дзяцей. Далей яны збіраліся трапіць у краіны ЕС з мэтай паляпшэння ўмоў жыцця. Сям`я афганцаў звярнулася ў кампетэнтныя органы для атрымання статусу бежанцаў. Па гэтым факце праводзіцца праверка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/175/31972
Текущая дата: 29.11.2024