Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.
Першай 14 ліпеня дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК падала ініцыятыўная група дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У яго групе — 10,5 тысячы чалавек, узначальвае яе старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
15 ліпеня дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК падалі старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч.
Групу Калякіна ўзначаліў намеснік старшыні партыі "Справядлівы свет" Валерый Ухналёў, у яе ўваходзяць 1 тысяча 513 чалавек.
Ініцыятыўнай групай Сяргея Гайдукевіча кіруе намеснік старшыні ЛДП Анатоль Хішчанка, у склад групы ўвайшлі 2,5 тысячы чалавек.
16 ліпеня ў ЦВК паступілі дакументы ад ініцыятыўных груп адразу шасці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта — бізнесмена з Наваполацка Андрэя Канаўца; актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч, якая вылучаецца ад кааліцыі "Народны рэферэндум"; старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі; лідара аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітзняволенага Мікалая Статкевіча; Жанны Раманоўскай і Ірыны Першынай.
У склад ініцыятыўнай групы Канаўца ўвайшлі 100 чалавек — патрабаваны Выбарчым кодэксам мінімум, узначаліў групу Дзмітрый Піліпчук.
У групе Караткевіч — больш за 1 тысячу 900 чалавек, узначальвае яе кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў.
Тысяча чалавек увайшла ў ініцыятыўную групу Лябедзькі, якую ўзначаліў член палітсавета АГП Віктар Карняенка.
У ініцыятыўную групу Статкевіча ўваходзяць больш за 1,7 тысячы чалавек, узначальвае яе жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч.
Ініцыятыўную групу Раманоўскай узначальвае Яўген Напорка, Першынай — Марыя Храмцова. Пра гэтых прэтэндэнтак пакуль нічога невядома, акрамя таго што Першына з`яўляецца спецыялістам па рэкламе, а Раманоўская - настаўніца з Брэста.
17 ліпеня Цэнтрвыбаркам паведаміў, што напярэдадні па пошце ў камісію паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, Сяргея Заблоцкага. Хто ўзначальвае яго групу, ЦВК не паведамляе. Аб асобе Сяргея Заблоцкага пакуль нічога невядома.
Прыём дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ад прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта завяршаецца 17 ліпеня.
Акрамя вышэйназваных прэтэндэнтаў пра свой намер балатавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду заявілі: Юрый Радзькоў — дырэктар кампаніі "Цар-мёд", аўтар міжнароднага праекта "Свет мёду і здароўя"; Уладзіслаў Цітовіч — гендырэктар кампаніі Veduus, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на выбарах 2012 года; Віктар Цярэшчанка — эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года; Юрый Шульган — беспрацоўны, якога падтрымала Беларуская партыя "Зялёныя".
БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2015
Мінск, 17 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/175/32029
Текущая дата: 29.11.2024