Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе назіраць за маючымі адбыцца выбарамі прэзідэнта, але заявіў, што Беларусь не можа быць задаволеная тым, як арганізавана назіранне з боку АБСЕ



Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Прымаючы 16 чэрвеня ў Мінску генсакратара АБСЕ Ламберта Заньера і дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэля Георга Лінка, Лукашэнка сказаў: "Лічыце, што мы запрасілі ўсіх вашых прадстаўнікоў, якіх вы лічыце патрэбным накіраваць для назірання за выбарным працэсам". 

"Не скажу, што мы задаволеныя, як гэта адбываецца. Не таму, што вы часцей нас крытыкуеце, чым адзначаеце штосьці станоўчае. Не, не таму, а таму што дагэтуль няма адзіных падыходаў, правілаў у межах АБСЕ да назірання за выбарамі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь разам з постсавецкімі рэспублікамі прапанавала свае варыянты такіх падыходаў. "Думаю, што яны хоць калі-небудзь будуць разгледжаныя і прынятыя, — сказаў Лукашэнка. — Але жыццё ідзе. Можна пагаджацца з чымсьці, не пагаджацца, крытыкаваць адзін аднаго, не крытыкаваць, але тым не менш мы маем абавязацельствы перад АБСЕ ў гэтай частцы". 

Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і АБСЕ Лукашэнка лічыць "даволі інтэнсіўным". Ён звярнуў увагу на рэалізацыю праектаў у галіне процідзеяння гандлю людзьмі, пагранічнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя. На чарзе — праекты па ўтылізацыі вадкага ракетнага паліва, праблемах з наркатрафікам. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь і АБСЕ дамовяцца па рэалізацыі гэтых праектаў, якія жыццёва важныя для Еўропы ў цэлым. 

У сваю чаргу Ламберта Заньер адзначыў важную ролю Беларусі падчас мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Кажучы пра стан спраў у АБСЕ, ён адзначыў, што ў арганізацыі склалася няпростая сітуацыя, якая выяўляецца ў абмежаванні свабоды дзеянняў. Ламберта Заньер лічыць, што гэта звязана з крызісам, але не самой арганізацыі, а ў цэлым сістэмы забеспячэння бяспекі ў Еўропе.

Мінск, 16 чэрвеня 2015
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/176/31552
Текущая дата: 29.11.2024