У Гомельскім абласным судзе 5 мая абвешчаны прыгавор па крымінальнай справе ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў гомельскай банды Марозава, якая дзейнічала ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.
Саракадвухгадовы гамяльчанін Андрэй Шылец прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі. Ён прызнаны вінаватым па артыкуле 100 Крымінальнага кодэкса рэдакцыі 1960 года ў васьмі забойствах з асаблівай жорсткасцю, учыненых у складзе банды, а таксама ў бандытызме і стварэнні злачыннай арганізацыі і ўдзеле ў ёй, незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй (адпаведна з артыкуламі 286, 285 і 295 дзейных КК Беларусі).
Як растлумачыла прадстаўнік пракуратуры Маргарыта Гузарэвіч, якая падтрымлівала абвінавачванне ў судзе, учыненне забойстваў у складзе банды было па артыкуле 100 кодэкса рэдакцыі 1960 года. Санкцыі гэтага артыкула прадугледжвалі або смяротную кару, або 20 гадоў. Абвінавачваны не прызнаваў сябе вінаватым у непасрэдным пазбаўленні жыцця людзей, хаця не адмаўляў, што прысутнічаў на месцы ўчынення злачынстваў.
Складанасць справы заключалася ў тым, што з моманту забойстваў прайшло шмат гадоў, усе яны былі ўчыненыя ў 1994-1995 гадах. Многія пацярпелыя не змаглі прысутнічаць на пасяджэнні, а сведкі баяліся прыходзіць на суд, зазначыла Гузарэвіч.
Адно з забойстваў учыненае ў 1994 годзе. Тады Шылец у складзе банды забіў чатырох чалавек шляхам нанясення нажавых раненняў. Ахвярам да ног прывязалі гусенічныя тракі і скінулі ў раку Сож. Па другім эпізодзе былі забітыя тры чалавекі. Бандыты вывезлі іх у лес, выкапалі глыбокую яму, па адным падводзілі да яе і забівалі металічнай трубой, скідваючы целы ўніз. Тых, хто не памёр, дабівалі нажом.
Прыгавор яшчэ не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны. Абвінавачваны мае намер гэта зрабіць у адведзеныя законам бліжэйшыя 10 дзён.
Андрэй Шылец знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпола з 2007 года і каля 10 гадоў жыў па падробленым пашпарце ў Свярдлоўскай вобласці Расіі, дзе завёў сям`ю, гадаваў двух дзяцей і характарызаваўся станоўча. Затрыманы ў Расіі Шылец доўга аспрэчваў сваю экстрадыцыю ў Беларусь. У апеляцыйных скаргах ён спрабаваў пераканаць расійскае правасуддзе, што яго выдача з`яўляецца незаконнай і неабгрунтаванай. Ён лічыць, што па ўсіх інкрымінаваных яму органамі следства Беларусі злачынствах мінулі тэрміны даўнасці прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. Таксама Шылец выказаў асцярогу, што ў выпадку выдачы яго праваахоўным органам Беларусі ён можа зведаць катаванні з іх боку і будзе мець несправядлівы судовы разгляд, а таксама можа быць асуджаны за злачынствы, якія не ўчыняў.
Нагадаем, з 2006 года, калі Вярхоўны суд вынес першы абвінаваўчы прысуд 27 членам банды, у тым ліку прызначыўшы тром яе кіраўнікам смяротную кару, усяго былі асуджаныя каля 50 "марозаўцаў". У міжнародным вышуку па-ранейшаму знаходзяцца трое ўдзельнікаў банды.
БелаПАН, 5 мая 2015
БелаПАН, 5 мая 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/177/30855
Текущая дата: 08.11.2024