Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі хочуць стварыць рэестр грамадзян, гатовых дапамагчы бежанцам з Украіны



Пра гэта паведамляе сайт krynitsa.info.

Па ініцыятыве прадстаўнікоў беларускай арганізацыі "Ліга "Грамадзянскі вердыкт" на пасяджэнні Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай (БКСУ) 6 жніўня было вырашана стварыць рэестр грамадзян Беларусі, гатовых аказаць дапамогу ў размяшчэнні бежанцаў з Украіны.

"Мы не будзем разважаць зараз аб прычынах гэтай вайны, але мы не можам не бачыць на паўднёвым усходзе Украіны гуманітарнай катастрофы, калі знішчаюцца аб`екты жыццезабеспячэння, жылыя дамы, людзі вымушаны жыць і хавацца па падвалах, больш таго, кожную хвіліну яны рызыкуюць быць забітымі, і сярод ахвяраў гэтай вайны дзеці, як і нямала тых, каму проста няма куды ехаць", — зазначаюць у камітэце.

БКСУ заклікае не чакаць новых крывавых віткоў развіцця падзей, міжнароднага крымінальнага пераследу, а ўжо сёння рабіць штосьці практычна. "Неабходна сёння рабіць тое, што павінен зрабіць любы чалавек цвярозага розуму, міласэрны і гуманны, калі ў яго суседа адбываюцца неверагодныя па трагізме падзеі", — гаворыцца ў заяве.

Удзельнікі камітэта заклікаюць грамадзян Беларусі правесці інвентарызацыю нерухомасці для выяўлення свабодных месцаў для пражывання, якія адпавядаюць санітарным і іншым умовам. Інфармацыю аб наяўнасці месцаў просяць прадастаўляць на адрас bcsukraine@gmail.com. На гэты ж e-mail грамадзяне Украіны могуць прысылаць свае заявы аб разглядзе іх у якасці наймальнікаў жылых памяшканняў. БКСУ нагадвае, што замежныя грамадзяне могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 90 каляндарных дзён у годзе.

БелаПАН
Мінск, 9 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/179/27082
Текущая дата: 02.06.2024