Белорусский портал в Казахстане

Стартаваў рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў 2015 года



Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Беларускага інавацыйнага фонду аб`явіў аб правядзенні 6-га рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў.

Як паведамілі ў прэс-службе ДКНТ, конкурс традыцыйна праводзіцца ў дзвюх намінацыях: "Лепшы інавацыйны праект" і "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект". Асноўная мэта — стымуляванне інавацыйнай дзейнасці, а таксама рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў і пошук інвестыцыйнай падтрымкі інавацыйных праектаў маладых і таленавітых спецыялістаў. У межах конкурсу разглядаюцца перспектыўныя інавацыйныя праекты з дэталёва прапрацаванай стратэгіяй рэалізацыі (камерцыялізацыі) і адпаведныя прыярытэтным кірункам навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Беларусі. 

Удзельнікамі конкурсу могуць быць юрыдычныя і фізічныя асобы, у намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект" — фізічныя асобы ва ўзросце не больш за 35 гадоў. Удзельнікі конкурсу самастойна выбіраюць, да якой намінацыі аднесці свой інавацыйны праект, могуць удзельнічаць адначасова ў дзвюх намінацыях. 

Конкурс праводзіцца ў чатыры этапы: да 1 чэрвеня пройдзе адбор праектаў сярод пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" і іншых рэспубліканскіх конкурсаў, зацверджаных саветам конкурсу; да 1 верасня — прыём заявак і папярэдні адбор праектаў; да 1 кастрычніка — экспертыза інавацыйных праектаў; у кастрычніку—лістападзе — вызначэнне пераможцаў і прызёраў конкурсу. 

У кожнай намінацыі ўстанаўліваюцца адзін пераможца і пяць прызёраў, з іх два ўдзельнікі, якія зоймуць другое месца, і тры — трэцяе месца. 

Пераможцам і прызёрам конкурсу ўручаюцца дыпломы і прэміі: за першае месца — 60 тарыфных ставак 1-га разраду, за другое — 40, за трэцяе — 20. 

Сярод праектаў-пераможцаў і прызёраў савет конкурсу адбярэ праекты для далейшай камерцыялізацыі іх вынікаў. Гэтыя праекты атрымаюць сертыфікаты, якія даюць права на атрыманне фінансавання ў памеры 400 тарыфных ставак для рэалізацыі гэтых праектаў. 

Палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе, формы конкурснай дакументацыі можна знайсці на сайце http://konkurs.bif.ac.by.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/179/29423
Текущая дата: 08.11.2024