Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі патрабуе рэгулярна праводзіць заняткі і зборы з рэзервам войскаў тэрытарыяльнай абароны



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 лютага, выступаючы перад камандным складам Узброеных Сіл.

"Памятаючы гістарычную ісціну аб тым, што арміі выйграюць бітвы, а перамогі ў войнах атрымліваюцца народамі, неабходна і надалей развіваць тэрытарыяльную абарону. Мы вызначылі ролю і месца тэрытарыяльных войскаў у забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы і ўжо не першы год займаемся ўдасканаленнем гэтай сістэмы. У нашых умовах гэта сфера дзейнасці не толькі Узброеных Сіл, але і іншых дзяржаўных інстытутаў. У тым ліку органаў мясцовага кіравання. Аднак вядучая роля ў гэтай рабоце належыць Міністэрству абароны, а дзяржаўнаму сакратарыяту Савета бяспекі неабходна і ў далейшым прадоўжыць кантроль па гэтым напрамку", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"У момант ваенных дзеянняў (не дай бог) нам давядзецца прызваць у тэрытарыяльныя войскі звыш 100 тыс. насельніцтва. Трэба займацца абучэннем гэтых людзей. Трэба пастаянна трымаць на кантролі колькасны спісачны склад канкрэтных падраздзяленняў, прызываць іх і адпрацоўваць на працягу 2-3 дзён або тыдня асноўныя функцыі, якімі яны будуць займацца ў ваенны час. Але самае галоўнае - трэба з кожным годам удасканальваць задачы, што стаяць перад тэрытарыяльнай абаронай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самую пільную ўвагу трэба ўдзяліць практычнаму абучэнню Узброеных Сіл сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы, чаму павінна садзейнічаць сумеснае беларуска-расійскае вучэнне "Шчыт Саюза-2015". Разам з тым, кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна больш увагі ўдзяляць і правядзенню ўласных вучэнняў без прывязкі да Расіі. "Спадзявацца на самых блізкіх, родных нам братоў мы будзем. Гэта добра. Але заўсёды трэба разлічваць на сябе. Калі нам нехта плячо падставіць - гэта будзе ў плюс. Таму нам трэба спланаваць нашы вучэнні такім чынам, каб мы згодна з канцэпцыяй, якую сёння чарговы раз пацвердзілі і зацвердзілі, маглі праводзіць мабільныя невялікія вучэнні", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што сучасныя ўмовы вядзення вайны значна змяніліся ў параўнанні з тым, што было яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. "Ніхто сёння не падставіцца на плошчы пад "Грады" або "Смерчы". Калі нехта супраць нас будзе ваяваць - гэта будуць разгрупаваныя ўзброеныя сілы, мабільныя групы. Мы тым жа павінны адказваць, наносячы непрымальны ўрон агрэсару. Дык давайце будзем праводзіць такія вучэнні, каб нашы ваеннаслужачыя ўмелі дзейнічаць у гэтай сітуацыі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ваеннай навуцы і адукацыі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна сканцэнтраваць намаганні на вызначэнні і практычным асваенні найбольш мэтазгодных і аптымальных метадаў падтрымання баявой гатоўнасці. А таксама прапрацоўцы і ўкараненні сучасных спосабаў вядзення ваенных дзеянняў, асабліва ва ўмовах гібрыдных войнаў.

19 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/179/29724
Текущая дата: 08.11.2024