Белорусский портал в Казахстане

Вучэнне АДКБ "Баявое братэрства - 2023" адкрылі ў Брэсце



У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння краін АДКБ "Баявое братэрства - 2023".

У вучэннях прымаюць удзел нацыянальныя кантынгенты пяці краін - Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Усяго заяўлена больш за 2,5 тыс. ваеннаслужачых і звыш 500 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. "Баявое братэрства - 2023" праводзіцца ў адпаведнасці з планам сумеснай падрыхтоўкі органаў кіравання і фармаванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Мітынгу на плошчы Цырыманіялаў папярэднічала цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да Вечнага агню мемарыяла. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць абаронцаў цытадэлі і ўсіх герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Удзельнікаў вучэнняў вітаў генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў. Ён падзякаваў Міністэрству абароны Беларусі за вялікую падрыхтоўчую работу і стварэнне ўмоў для правядзення гэтага важнага мерапрыемства на авеянай славай і мужнасцю брэсцкай зямлі. Ён адзначыў, што "Баявое братэрства - 2023" праводзіцца ў складанай міжнароднай абстаноўцы. Асаблівасцю вучэнняў у бягучым годзе з`яўляецца іх комплекснасць.

"Сёння для паспяховай рэалізацыі аперацый недастаткова выкарыстання ваеннага кампанента - неабходны сістэмны падыход, які прадугледжвае цесную сувязь і ўзаемадзеянне цэлага спектра сіл і сродкаў. Новыя выклікі і пагрозы бяспекі шмат у чым абумовілі фармат маючага адбыцца мерапрыемства. Паводле адзінай задумы, праводзяцца сумесныя вучэнні з калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2023", спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння "Пошук-2023" і "Эшалон-2023", з сумесным фарміраваннем РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ "Бар`ер-2023", - сказаў генеральны сакратар.

Імангалі Тасмагамбетаў дадаў, што ва ўмовах нарастання геапалітычнай напружанасці намаганні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання з`яўляюцца важнейшай умовай абароны жыццёва важных інтарэсаў і забеспячэння бяспекі дзяржаў - членаў арганізацыі, выбудоўвання сістэмы адзінай, непадзельнай бяспекі на рэгіянальным узроўні, і пажадаў паспяховай адпрацоўкі задач.

Удзельнікаў вучэнняў таксама віталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і начальнік Генеральнага штаба - першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч. "Сёння ў адным страі стаяць дастойныя нашчадкі пакалення Вялікай Перамогі. Упэўнены, што ўдзел у сумесных вучэннях яшчэ больш умацуе давер паміж узброенымі сіламі і народамі нашых дзяржаў", - сказаў Віктар Гулевіч і аб`явіў вучэнні "Баявое братэрства - 2023" адкрытымі.

Пад дзяржаўныя гімны былі падняты сцягі дзяржаў - удзельніц АДКБ. Цырымонія завяршылася праходжаннем урачыстым маршам нацыянальных кантынгентаў.

Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння Андрэй Маціевіч адзначыў, што сёння "Баявое братэрства - 2023" уваходзіць у сваю актыўную фазу. "Штабы пачалі планаванне сумеснай аперацыі. Войскі прадаўжаюць удасканальваць сваю баявую вывучку. У ходзе актыўнай фазы вучэння мы мяркуем адпрацаваць шэраг спецыяльных актуальных задач. У першую чаргу гэта пытанні ўсебаковага забеспячэння аэрадромнага ўчастка дарогі для паўторнага прымянення авіяцыяй. Зводным фармаваннем войскаў РХБ і медыцынскага забеспячэння будуць адпрацаваны пытанні арганізацыі раёна каранціну. Акрамя таго, на адным з аб`ектаў забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва будуць адпрацаваны пытанні правядзення антытэрарыстычнай аперацыі", - расказаў ён.

Першы этап вучэння "Баявое братэрства - 2023" пройдзе з 1 па 6 верасня на палігонах Брэсцкі, Гожскі, Даманаўскі, Абуз-Лясноўскі, Чапялёва і Лесішча.

1 верасня 2023, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/18/70888
Текущая дата: 24.11.2024