Белорусский портал в Казахстане

На тэрыторыі Палескага лясгаса на мяжы Беларусі з Украінай зафіксаваны выпадак незаконнай высечкі лесу



Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, 29 студзеня за 6 км ад часовага пункта пропуску "Мутвіца" пінскія памежнікі знайшлі сляды незаконнай высечкі лесу.

На тэрыторыі Палескага лясгаса ў пагранічнай паласе зафіксаваны выпадак незаконнай высечкі лесу. У непасрэднай блізкасці ад дзяржмяжы першапачаткова пагранічны нарад убачыў сляды валачэння ў бок Украіны. Падчас далейшага агляду мясцовасці было ўстаноўлена, што парушальнікі спілавалі 19 дрэў. Большую частку драўніны ім удалося вывезці. 

Апошні раз на тэрыторыі Палескага лясгаса факт высечкі быў зафіксаваны ў канцы мінулага года. Тады парушальнікам удалося ўцячы, на месцы высечкі паграннарадам была знойдзена бензапіла. У 2011 годзе грамадзянамі суседняй дзяржавы было спілавана больш за 900 дрэў. 

"Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, крадзеж беларускага лесу зноў паўтараецца. Гэта ідзе ўразрэз з прынятымі дамоўленасцямі наконт працы часовых сезонных пунктаў пропуску для грамадзян Украіны, дзе адным з важных умоў іх функцыянавання было выкананне беларускага прыродаахоўнага заканадаўства", — гаворыцца ў паведамленні.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 30 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/180/29344
Текущая дата: 08.11.2024