Белорусский портал в Казахстане

Дзяржпагранкамітэт узмацніў ахову дзяржграніцы ў раёне будаўніцтва БелАЭС



Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 5 снежня далажыў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Леанід Мальцаў.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта падкрэсліў, што стан пагранічнай бяспекі краіны ацэньваецца як стабільны. Органы пагранічнай службы выконваюць свае задачы ў штатным рэжыме. У напружаным і дынамічным стане знаходзяцца пункты пропуску напярэдадні калядных і навагодніх свят. Аднак Леанід Мальцаў запэўніў, што Дзяржпагранкамітэт гатовы да любых змяненняў сітуацыі.

Што датычыцца даручэнняў Прэзідэнта па забеспячэнні надзейнай пагранічнай бяспекі краіны, то яны выконваюцца ў поўным аб`ёме ва ўстаноўленыя тэрміны і якасна. У прыватнасці, аптымізавана арганізацыйна-штатная структура, што дало магчымасць узмацніць ахову дзяржаўнай граніцы, у тым ліку на паўднёвым напрамку, разгарнуць дадатковыя заставы, пагранічныя пасты. Так, разгорнуты дзве пагранічныя заставы для ўзмацнення аховы ў напрамку атамнай электрастанцыі, што будуецца, завяршаецца разгортванне новага пагранічнага атрада ў Мазыры.

Акрамя таго, сур`ёзна павышаны ўзровень інжынернага абсталявання дзяржаўнай граніцы, у першую чаргу на паўднёвым напрамку, а таксама на літоўскім і латышскім участках беларускай граніцы. Леанід Мальцаў далажыў, што прадаўжаюцца работы па ўкараненні электроннай чаргі ў пунктах пропуску. Адначасова завяршаецца распрацоўка праекта ўказа, які дасць магчымасць стварыць прававое поле для ўкаранення электроннай чаргі.

Кіраўніку дзяржавы даложана таксама аб укараненні сучасных тэхнічных сродкаў аховы дзяржграніцы, у прыватнасці беспілотных лятальных апаратаў, хуткаразгортвальных сігналізацыйных комплексаў, іншых сродкаў, якія даюць магчымасць меншымі сіламі, але больш надзейна і якасна ахоўваць дзяржаўную граніцу.

5 снежня 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/181/28513
Текущая дата: 08.11.2024