Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы прынятыя ім 30 снежня кадравыя рашэнні.
Прэзідэнт адзначыў, што па традыцыі ў год прэзідэнцкіх выбараў робіць новыя прызначэнні і ратацыю, перамяшчэнне кадраў на ўсіх узроўнях. Асабліва што датычыцца кадравага рэестра прэзідэнта і ўрада, падкрэсліў Лукашэнка.
"Я б хацеў, каб да выбараў новы склад урада, вышэйшых органаў улады напружыўся і папрацаваў, каб ні ў каго не было нейкіх там сумненняў — буду, не буду працаваць. Я гатовы і пасля выбараў, калі ўсё нармальна складзецца, працаваць з такім складам урада і службовымі асобамі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у яго ёсць яшчэ адзін рэзерв кадраў, які ён гатовы задзейнічаць пасля выбараў, каб "дашліфаваць наяўны склад органаў улады, які будзе здаваць экзамен перад народам".
Лукашэнка нагадаў, што працэс ратацыі кадраў пачаўся не сёння і раней быў прызначаны шэраг службовых асоб, у прыватнасці, старшыні Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Камітэта дзяржкантролю, Дзяржаўнага мытнага камітэта, дзяржсакратар Савета бяспекі і яго намеснік, Кіраўнік справамі прэзідэнта, міністры жыллёва-камунальнай гаспадаркі, інфармацыі, культуры, абароны, фінансаў. "Гэты працэс, як я абяцаў, у перадвыбарны год для мяне быў вельмі важным", — заявіў ён.
Лукашэнка адзначыў, што Міхаіл Мясніковіч, Надзея Ермакова, Пётр Пракаповіч, Анатоль Тозік, Сяргей Маскевіч, Уладзімір Палуян, Уладзімір Цалко, Георгій Кузняцоў, Канстанцін Сумар вызваленыя ад пасад у сувязі з пераходам на іншую працу.
Звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі — былога першага віцэ-прэм`ера, прызначанага намеснікам прэм`ер-міністра, Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў, што сфера яго адказнасці будзе пашыраная.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на прызначэннях, закліканых умацаваць эканамічны блок. "Для нас самая вялікая небяспека, хачу паўтарыць, гэта эканоміка. Самая вялікая небяспека — самая вялікая зона адказнасці", — сказаў Лукашэнка.
Кажучы аб прызначэннях у Міністэрстве адукацыі, ён выказаў надзею, што новыя кіраўнікі дапамогуць разабрацца з праблемамі ў школе, ссунуць іх з мёртвай кропкі.
Звяртаючыся да новага міністра па падатках і зборах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго задача — знайсці дадатковыя кірункі папаўнення бюджэту, але пры гэтым без усякіх напружанняў у грамадстве.
Што датычыцца новага кіраўніка Дзяржкаммаёмасці, то тут Лукашэнка паставіў задачу навесці "жалезны парадак" у гэтай сферы. "Самае галоўнае — улік і аддача ад той дзяржаўнай маёмасці, якую мы сёння маем. Дзяржкаммаёмасць трэба паставіць на новыя рэйкі і азадачыць іх так, як гэта адбываецца ў іншых дзяржавах, дзе гэты кірунак ужо ўстаяўся", — заявіў ён.
Звяртаючыся да новых міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага і яго першага намесніка Аляксандру Забароўскага, Лукашэнка выказаў меркаванне, што гэты "сплаў вопыту і маладосці" дасць пэўны вынік. "Яшчэ раз хачу нагадаць, што вышэй — кіраўнік Нацбанка, першы віцэ-прэм`ер і прэм`ер — таксама эканамісты. Гэта пяць чалавек, якія будуць галавой адказваць за сітуацыю ў краіне ў плане фінансава-эканамічнага развіцця", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён выказаў надзею на тое, што вопыт ранейшай працы Мікалая Снапкова, былога міністра эканомікі, на экспертным узроўні будзе задзейнічаны ў поўным аб`ёме ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Што датычыцца прызначаных ім новых кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, то Лукашэнка запатрабаваў ад іх рэзультатыўнасці ў працы, кардынальных змяненняў на вытворчасці і вываду іх на патрэбны ўзровень.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён прыняў кадравыя рашэнні, не чакаючы новага года, каб новыя кіраўнікі падумалі над тым, як пачнуць 2015 год і адразу ж пасля калядных святаў без разварушвання пачалі дзейнічаць. "Экзамен для ўсіх нас — прэзідэнцкія выбары. Усе павінны працаваць так, каб нам народ у папрок не паставіў ніводную з праблем", — падкрэсліў ён.
БелаПАН
Мінск, 27 снежня 2014
Мінск, 27 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/181/28834
Текущая дата: 08.11.2024