Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка надзяліў Міністэрства ўнутраных спраў абсалютнымі паўнамоцтвамі па каардынацыі барацьбы з наркотыкамі



Такое рашэнне кіраўнік дзяржавы прыняў 4 снежня на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

"З заўтрашняга дня вы будзеце прымаць рашэнні, і ў частцы барацьбы з наркотыкамі яны будуць абавязковымі для ўсіх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. - Калі вы мне напішаце пісьмо па падключэнні Прэзідэнта да гэтага пытання, яно будзе і для мяне абавязковым. Толькі так мы можам з нечым справіцца".

"Даў міністр указанні, якія датычацца гэтай тэмы, - неадкладна павінны Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі або іншыя гэта выконваць, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца тэмы наркотыкаў, ваша рашэнне - закон для ўсіх. Яно будзе нараджацца не вамі ў кабінеце, а будзе ісці ад палкоўнікаў і маёраў, якія непасрэдна змагаюцца з гэтай заразай".

"Сур`ёзнае становішча, ідзе вайна, - адзначыў Прэзідэнт. - Звычайныя міліцыянеры скардзяцца: развяжыце нам рукі, мы вам пакажам, як трэба з імі змагацца. А мы, як злачынцы, стрымліваем гэты працэс, і не толькі наўмысна, проста мы лічым, што гэта няважна. Важна!"

"У кожнага ёсць малыя дзеці і ўнукі. І невядома, дзе яны апынуцца. І дзяцей ад чыноўнікаў і іншых крутых не менш, чым ад простых людзей, якія пакурваюць, папіваюць і ўжываюць наркотыкі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ігар Шуневіч лічыць, што наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, патрэбна забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у спіс абмежаванага доступу. Акрамя таго, МУС лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб забароне стварэння электронных кашалькоў у электронных плацежных сістэмах, дзеючых на тэрыторыі Беларусі, без рэгістрацыі поўных установачных даных уладальнікаў у банкаўскіх установах. "Існуючая сёння працяглая працэдура ўстанаўлення органамі ўнутраных спраў неабходных даных на прадпрыемствах сувязі і ў банках, а гэта займае ад 20 да 30 дзён, істотна павялічвае шанцы злачынцаў застацца неўстаноўленымі, учыніць шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў, скрыць іх сляды або пазбегнуць адказнасці", - сказаў міністр.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што МУС трэба надзяліць правам аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю. "Не кожны павінен мець на гэта права. Павінен мець права кіраўнік падраздзялення, каб мы маглі потым, прааналізаваўшы пракуратурай, яшчэ кімсьці, запытаць: а навошта табе патрэбна была гэта інфармацыя? Ты яе атрымаў, а які вынік ад гэтай інфармацыі? Таму што вы ж разумееце, што і міліцыя неаднародная, як і наша грамадства, незразумела навошта яны будуць запытваць такую канфідэнцыяльную інфармацыю. Таму трэба даць гэта права міністру і кіраўнікам падраздзяленняў. Да яго прыйдзе непасрэдны выканаўца, ён палічыць патрэбным запытаць інфармацыю - запытаў, банк неадкладна павінен даць! Вызначце тэрмін - суткі або некалькі гадзін. Калі яны гэта не зрабілі, спытаем з банкіраў па поўнай", - адзначыў Прэзідэнт.

"Самая дэмакратычная краіна ў свеце" Злучаныя Штаты Амерыкі - вы ведаеце, якая там дэмакратыя, калі датычыцца бяспекі грамадзян і іншых пытанняў, яны не цырымоняцца: зброю ў руку і пайшоў. Цацачны пісталет хлопец падняў - застрэлілі, не размаўляючы. І паспрабуй паліцэйскага за гэта папракні! Такі закон. А мы, ці бачыце, дэмакраты, інтэрнэт жулікам нейкім закрыем або інфармацыю банк не дасць, спасылаючыся на банкаўскую тайну. Што за глупства!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Так, для банкаў, магчыма, гэта нейкія пагаршэнні, недаатрыманне грошай ад гэтай наркаты на рахунках, дэпазітах і гэтак далей. Але мы ж вырашаем больш сур`ёзную праблему. Нам такія грошы не патрэбны", - дадаў Прэзідэнт.

"Што за бязладдзе?! У пасылках нам наркату шлюць, а мы, ці бачыце, меры прыняць не можам! - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра. - Неадкладна разам з калегамі сядзьце і прыміце самыя жорсткія меры".

4 снежня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/182/28514
Текущая дата: 29.11.2024