Белорусский портал в Казахстане

Нягледзячы на цяжкасці і праблемы, беларусы з годнасцю пражылі гэты год



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 снежня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

"Гэты год быў няпростым, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Каля самых нашых межаў раптам загарэўся новы гарачы пункт. Радыкальным чынам змяніліся міжнародныя адносіны. Здаецца, чалавецтва ўваходзіць у чарговы перыяд напружанасці і супрацьстаяння".

Беларусы, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не адмовіліся ад прынцыпаў добрасуседства, захавалі мір і стабільнасць у грамадстве. 

Лукашэнка падкрэсліў, што ў 2014 годзе ў краіне быў сабраны "неблагі ўраджай зерневых і іншых культур", арганізаваная харчовая бяспека краіны, уведзеныя ў строй новыя і мадэрнізаваныя прадпрыемствы, у выніку чаго прамысловы патэнцыял павялічаны амаль на паўтары тысячы арганізацый. "У беларускай сталіцы і рэгіёнах за год пабудаваныя жылыя масівы і сацыяльна-культурныя аб`екты. Упершыню за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі мы прымалі ў сябе буйное міжнароднае першынство — чэмпіянат свету па хакеі", — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы вызначыў, што Беларусь сваімі дасягненнямі "абавязаная тым, хто ўпарта працуе, каб зрабіць жыццё лепшым". 

Дзяржаўных узнагарод удастоеныя прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку работнік ААТ "БелАЗ", кіраўнік філіяла "Сервалюкс Агра" СЗАТ "Сервалюкс". Асобна Лукашэнка адзначыў заслугі беларускіх будаўнікоў, у прыватнасці калектывы ААТ "Гроднажылбуд", Бялыніцкай перасоўнай механізаванай калоны № 241, Брэсцкага будаўнічага трэста № 8, Мінскага ўпраўлення механізацыі № 79.

Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоеныя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, прадстаўнікі Узброеных сіл і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; ганаровых званняў і дзяржаўных узнагарод — вядучыя педагогі, работнікі СМІ, дзяржаўныя служачыя і дзеячы культуры. Адзначаныя поспехі беларускай вышэйшай адукацыі, медыкаў, спартсменаў.

Уганараваныя акцёры Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, кіраўнік аркестра народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/182/28688
Текущая дата: 29.11.2024