Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка запатрабаваў павышаць выканальніцкую дысцыпліну, заявіўшы, што гэтаму "будзе надавацца самая сур`ёзная ўвага".
"Не ўтойваю ад вас, што нам яшчэ давядзецца аптымізавацца і павышаць дысцыпліну. У мяне ляжыць на стале праект дэкрэта, які больш за ўсё будзе тычыцца вас. У ім вам даюцца вялікія правы, і з вас жа будзе велізарнае запытанне", — сказаў зноў прызначаным чыноўнікам Лукашэнка.
"Сказаў кіраўнік, прынятае рашэнне ў выканкаме ці аднаасобнае рашэнне — усё павінна быць выкананае. Патрэбна выканальніцкая дысцыпліна. Прынятае рашэнне — кропка. Калі не выкананае, то настаюць іншыя патрабаванні, аж да крымінальнай адказнасці", — заявіў ён.
"Так будзе і далей, нягледзячы на тое, будуць не будуць у нас выбары. На гэта арыентавацца не трэба. Трэба памятаць, што гэта экзамен, і мы ўсе будзем здаваць гэты экзамен, — сказаў беларускі кіраўнік. — Але падстройвацца пад выбары, як мне прапануюць (тут ужо ўсе пішуць, пачынаючы ад некаторых апазіцыянераў) — давайце правядзем не ў лістападзе наступнага года, як мае быць, калі тэрмін заканчваецца, а ў сакавіку, маўляў, цяпер становішча лепшае, рэйтынг у дзейнага прэзідэнта ледзь ці не 90%, давайце правядзем. Гэта будзе падман нашых выбаршчыкаў і насельніцтва. Мы не павінны гэтага рабіць, тым больш падстаўляцца там, дзе не трэба, пад крытыку".
"Мы выйдзем да народа і скажам прама, што здолелі зрабіць. Што не здолелі — зробім. Хоча народ — хай галасуе, не хоча — не трэба. Няхай выбіраюць іншага чалавека. Павінна быць усё шчыра. На гэта трэба арыентавацца, настройвацца і не падладжвацца ні пад якія выбары. Жыццё павінна ісці сваім парадкам, — заявіў Лукашэнка. — Мы павінны ў аснову нашай палітыкі пакласці сумленнасць і справядлівасць. Больш нічога не трэба. Паняцці сумленнасці і справядлівасці сталі ўжо не псіхалагічнымі, а эканамічнымі".
Раней сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы ініцыятыву Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі аб правядзенні выбараў вясной наступнага года, заявіў, што пакуль няма падстаў для гэтага.
Сваю прапанову прызначыць выбары на сакавік-красавік 2015 года ў ЛДП растлумачылі тым, што гэта "аптымальная дата правядзення выбараў з-за многіх прычын, і самае галоўнае — у гэты час удзел у выбарах возьме максімальная колькасць выбаршчыкаў".
"Такая прапанова не супярэчыць заканадаўству, але павінны быць важкія падставы", — заявіў Лазавік. Ён падкрэсліў, што тэрміны правядзення выбараў вызначае заканадаўства. "Як правіла, выбары і парламента, і прэзідэнта, і дэпутатаў мясцовых саветаў прызначаюцца дзесьці бліжэй да апошняй даты (магчымага правядзення. — БелаПАН.). Перанос у нас у гісторыі ажыццяўляўся на досыць вялікі перыяд — больш за месяц, было такое, але для гэтага патрэбныя падставы. На сённяшні дзень я такіх падстаў наогул не бачу", — сказаў сакратар ЦВК.
Паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары, калі арыентавацца на патрабаванні заканадаўства, павінны адбыцца восенню 2015 года. "Восень — гэта досыць зручны перыяд, асабліва калі дата прызначаецца ўжо пасля заканчэння сельскагаспадарчага года, калі асноўныя палявыя сельгасработы завершаныя. А там якраз так і мяркуецца. Таму прапановы могуць быць розныя, мае права кожны грамадзянін і палітычная партыя выказаць сваё меркаванне. А рашэнне будзе прымаць парламент", — сказаў Лазавік.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2014
Мінск, 14 кастрычніка 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/184/27732
Текущая дата: 29.11.2024