Белорусский портал в Казахстане

29-гадовы мінчанін, які расстраляў прыпынак грамадскага транспарту, змешчаны пад варту



Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску абрана мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту ў дачыненні да 29-гадовага мінчаніна, які падазраецца ва ўчыненні злачынства, кваліфікаванага як асабліва злоснае хуліганства з ужываннем прадмета, які выкарыстоўваецца ў якасці зброі, у выніку якога тром грамадзянам былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні.

Нагадаем, 22 чэрвеня каля 13.20 на Партызанскім праспекце з легкавога аўтамабіля, які рухаўся ў напрамку да выезду з горада, невядомы абстраляў людзей, што стаялі на прыпынку грамадскага транспарту, як мяркуецца, з пнеўматычнай зброі. 15-гадовы хлопец і дзве маладыя жанчыны атрымалі раненні і былі шпіталяваныя. Аўтамабіль з падазроным з месца здарэння з`ехаў. Заводскім (Мінска) раённым аддзелам СК была распачатая крымінальная справа на падствае ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

У ноч на 23 чэрвеня падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў аўтамабіль, які адшукваўся, быў выяўлены ў адным з жылых кварталаў Мінска, затрыманыя чацвёра грамадзян, што знаходзіліся ў салоне. Падчас вобыску па месцы жыхарства аднаго з іх — непрацуючага раней двойчы судзімага мінчаніна 1984 года нараджэння — канфіскаваны пнеўматычны пісталет. Яго ўладальнік прызнаны падазроным ва ўчыненні злачынства і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Затрыманыя разам з ім грамадзяне далі паказанні, якія выкрываюць падазронага, прызнаныя сведкамі і адпушчаныя.

Пацярпелыя пасля аказання кваліфікаванай дапамогі выпісаныя з медыцынскіх устаноў.

Крымінальная справа 23 чэрвеня была прынятая да вытворчасці ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінску.

Цяпер дакладна ўстаноўлена, што асобай, якая ўчыніла злачынства, з`яўляецца змешчаны пад варту мінчанін. Вядомыя таксама матывы ўчынення злачынства: падазроны, які быў у стане алкагольнага ап`янення, маючы пачуццё ўсёдазволенасці, вырашыў выпрабаваць набыты напярэдадні пнеўматычны пісталет і адкрыў бязладную стральбу з акна аўтамабіля, зрабіўшы больш за 10 стрэлаў. Засноўваючыся на здабытых падчас следства доказах і іншых важных звестках, у дачыненні да падазронага абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

У далейшым следству неабходна ўстанавіць усіх магчымых сведак і пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў падазронага, правесці шэраг аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, атрымаць кампетэнтныя заключэнні экспертаў з мэтай поўнага, усебаковага і аб`ектыўнага расследавання крымінальнай справы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 4 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/192/21948
Текущая дата: 29.11.2024