Белорусский портал в Казахстане

Сярэдні беларус амаль на 11 гадоў старэйшы за сярэдняга жыхара планеты



Як паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце, сярэдні ўзрост насельніцтва Беларусі - 39,8 года, прычым сярэдні ўзрост мужчыны - 37 гадоў, жанчыны - 42,2 года.

Для параўнання: сярэдні ўзрост жыхароў планеты складае - 29 гадоў, Еўропы - 39,9 года.

У Белстаце адзначылі, што з 1990 года сярэдні ўзрост насельніцтва рэспублікі павялічваўся. Такім чынам, кожнае дзесяцігоддзе сярэдні беларус становіцца старэйшым прыкладна на 1,8 года, пры гэтым жанчыны "старэюць" на 1,9 года, мужчыны - на 1,5 года.

Сярэдні ўзрост гараджаніна - 38,5 года, за апошняе дзесяцігоддзе гарадскі жыхар пасталеў на 2,4 года. Сярэдні ўзрост сельскага жыхара - 44,1 года, за апошняе дзесяцігоддзе вясковец пасталеў на 1,5 года.

Сярэдні ўзрост насельніцтва абласцей адрозніваецца ад сярэдняга ўзросту насельніцтва па рэспубліцы. На працягу многіх гадоў самы "малады" ў Беларусі - горад Мінск, сярэдні ўзрост сталічных жыхароў - 38,1 года. На другім месцы ў гэтым рэйтынгу Брэсцкая вобласць (39,5 года), на трэцім - Гомельская вобласць (39,8 года). У Магілёўскай вобласці сярэдні ўзрост жыхароў складае 40,1 года, у Гродзенскай - 40,3, у Мінскай - 40,6. Самы "стары" рэгіён - Віцебская вобласць (41,2 года).

Статыстычны агляд падрыхтаваны да Сусветнага дня народанасельніцтва, які адзначаецца 11 ліпеня.

8 ліпеня 2013, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/192/22034
Текущая дата: 29.11.2024