Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі пачынаецца самы халодны перыяд зімы



Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў падчас відэабрыфінгу 21 студзеня на інфармацыйна-аналітычным партале Саюзнай дзяржавы (www.soyuz.by).

Паводле яго слоў, скандынаўскі халодны антыцыклон прынясе ўзмацненне маразоў. "Адлігі і пацяплення не чакаецца. Сярэднясутачная тэмпература паветра будзе на 5—10 градусаў ніжэйшай за кліматычную норму", — зазначыў Рабаў.

У аўторак па паўднёвай палове Беларусі пройдзе снег, слабая завея, у асобных раёнах мокры снег, галалёд, наліпанне мокрага снегу.

Ноччу па паўднёвым захадзе, а днём месцамі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях моцны снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 13—19°С, па поўначы пры праясненнях да 20—24°С. Днём мінус 9—14°С. Крыху цяплей будзе ў паўднёвых раёнах, дзе ноччу чакаецца мінус 8—12°С, днём мінус 6—8°С.

Серада і чацвер чакаюцца без істотных ападкаў, толькі ў паўднёвых раёнах кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ноччу мінус 13—20°С, пры праясненнях да мінус 25°С, па паўднёвым захадзе ноччу мінус 10— 19°С. Тэмпература паветра днём мінус 7—14°С, месцамі да 14°С.

У пятніцу, суботу і нядзелю ў асобных раёнах невялікі снег, месцамі слабы туман, шэрань, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 15—22°С, пры праясненнях мінус 23—27°С. Днём мінус 8—13°С, месцамі мінус 14—17°С.

Як паведаміў Рабаў, паводле папярэдняга прагнозу, такое надвор`е захаваецца да канца студзеня.

Сіноптык таксама паведаміў пра надвор`е ў абласных цэнтрах на найбліжэйшыя суткі.

У Гродне прагназуецца часам снег, слабая завея. Тэмпература паветра ноччу мінус 13—15°С, днём мінус 8—10°С.

У Брэсце аб`яўлена штармавое папярэджанне, чакаецца дрэннае надвор`е, снег, мокры снег, часам мяцеліца, ноччу часам моцны снег, слабы галалёд і наліпанне мокрага снегу. Тэмпература паветра ноччу мінус 8—10°С, днём мінус 6—8°С.

У Гомелі ноччу без істотных ападкаў, раніцай і днём часам снег, слабая мяцеліца і галалёд. Тэмпература паветра ноччу мінус 10—12°С, днём мінус 7—9°С.

У Магілёве без істотных ападкаў. Ноччу мінус 16—18°С, днём мінус 11—13°С.

У Віцебску без істотных ападкаў. Тэмпература паветра ноччу мінус 18—20°С, днём мінус 12—14°С.

У Мінскай вобласці чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор`е, па паўднёвай палове снег, слабая завея, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 13—18°С, па поўначы да мінус 21°С. Днём мінус 8—15°С.

У Мінску без істотных ападкаў. Тэмпература паветра ноччу мінус 15—17°С, днём мінус 11—13°С. Вецер паўночна-ўсходні 5—10 м/с.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 21 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/197/19059
Текущая дата: 08.11.2024