Белорусский портал в Казахстане

Памёр генеральны аўтаканструктар Беларусі Міхаіл Высоцкі



Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук.

25 лютага на 86-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі акадэмік Міхаіл Высоцкі.

Высоцкі — адзін з заснавальнікаў беларускага грузавога аўтамабілебудавання, стварыў беларускую школу канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Герой Беларусі.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца 27 лютага з 11.30 да 13.30 па адрасе: Мінск, вул. Кастрычніцкая, 5.

Міхаіл Высоцкі нарадзіўся 10 лютага 1928 года. Працоўную дзейнасць пачаў у 1946 годзе на Мінскім аўтамабільным заводзе (МАЗ) слесарам-зборшчыкам. У 1949 годзе закончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, у сваёй дыпломнай працы ім быў прапанаваны першы канвеер для зборкі "МАЗаў". З гэтага ж года працаваў у якасці канструктара, адначасова вучыўся ва Усесаюзным завочным машынабудаўнічым інстытуце ў Маскве, які скончыў у 1955 годзе. Працаваў на Мінскім аўтазаводзе 50 гадоў, з якіх 35 гадоў — галоўным канструктарам.

З іменем Высоцкага звязаны найбольш значныя дасягненні Мінскага аўтазавода: распрацоўка прынцыпова новай кампаноўкі велікагрузных аўтамабіляў "кабіна над рухавіком", упершыню рэалізаваная ў "МАЗ-500" (серыйны выпуск з 1965 года), якая ў далейшым атрымала распаўсюджанне ва ўсім свеце; стварэнне шасці пакаленняў магістральных аўтапаяздоў, апошнія з якіх адпавядаюць жорсткім патрабаванням міжнародных стандартаў; стварэнне канцэптуальнага модульнага аўтапоезда "МАЗ-2000 Перабудова", які атрымаў залаты медаль на Парыжскім Вялікім салоне аўтамабілебудавання ў 1988 годзе.

З 1975 года Высоцкі працаваў галоўным канструктарам — начальнікам упраўлення галоўнага канструктара вытворчага аб`яднання "БелаўтаМАЗ", у якое ўвайшлі ўсе аўтамабільныя заводы рэспублікі.

У 1989 году выбраны правадзейным членам (акадэмікам) Акадэміі навук БССР.

З 1992 па 1997 гады з`яўляўся віцэ-прэзідэнтам акадэміі навук Беларусі.

З 1993 па 2001 гады — дырэктар створанага з яго ініцыятывы Навуковага цэнтра праблем механікі машын НАН Беларусі, з 2001 года — генеральны дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белаўтатрактарабудаванне" НАНБ.

У 2002 годзе пастановай Савета міністраў Высоцкі прызначаны генеральным канструктарам па аўтамабільнай тэхніцы Рэспублікі Беларусь.

З мая 2006 года займаў пасаду генеральнага дырэктара дзяржаўнай навуковай установы "Аб`яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".

У 1997 годзе міжнародны Біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Вялікабрытанія) на аснове экспертных ацэнак прысвоіў Высоцкаму ганаровае званне "Чалавек года — 1997" і ўручыў медаль Гонару за выдатныя дасягненні. Яго імя ўключана ў 25-е выданне "Слоўніка міжнародных біяграфій" як выбітнога дзеяча навукі. Амерыканскі біяграфічны інстытут уключыў акадэміка Высоцкага ў спіс 5.000 вучоных, якія зрабілі найвялікшы ўнёсак у развіццё навукі ў XX стагоддзі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/197/19615
Текущая дата: 29.11.2024