Белорусский портал в Казахстане

Тэхнічная група місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ прыбудзе ў Беларусь 21 жніўня



Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

"Беларускае МЗС атрымала ноту АБСЕ, у якой указана, што тэхнічная група прыедзе 21 жніўня. Яна будзе займацца пытаннямі арганізацыі офіса, сувязі, транспарту", — сказаў ён.

Асноўная група доўгатэрміновых назіральнікаў пачне прыбываць праз некалькі дзён пасля прыезду тэхнічнай групы.

Для працы ў Беларусі БДІПЧ АБСЕ мае намер накіраваць 40 доўгатэрміновых і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў. Узначаліць місію прадстаўнік Македоніі Антоніа Мілашоскі, яго намеснік — прадстаўнік ЗША Доналд Бісан.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што беларуска-шведскі дыпламатычны канфлікт негатыўна адаб`ецца на ацэнцы парламенцкіх выбараў у Беларусі назіральнікаў ад АБСЕ. Пра гэта яна заявіла 14 жніўня дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

Паводле яе слоў, непрадаўжэнне акрэдытацыі шведскаму паслу ў Беларусі Стэфану Эрыксану і далейшыя падзеі непасрэдна з парламенцкай выбарчай кампаніяй не звязаны, але ўскосна на ёй адбіцца могуць. "Тое, што спадар Эрыксан актыўна ўмешваўся ў працэс назірання, — гэта было падчас усіх выбарчых кампаній, што праходзілі ў краіне. Зразумела, я думаю, што гэты канфлікт накладзе свой адбітак", — лічыць Ярмошына.

У ЦВК чакаюць, што стаўленне з боку назіральнікаў АБСЕ да выбарчай кампаніі будзе асабліва прадузятым. "Яно звычайна прадузятае, але ў гэтым выпадку будзе з яшчэ большым адценнем негатыва", — сказала Ярмошына.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 14 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/206/15807
Текущая дата: 07.11.2024